У Гомелі судзілі журналістку за чырвонае паліто і белых паветраных шарыкі

За ўдзел у экскурсіі, прысвечанай 90-м угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі, у Гомелі аштрафавалі актывістаў дэмакратычных палітычных партый Івана Адаменку і Дзмітрыя Кутасава, а таксама журналістку Таццяну Бублікаву. Ім прысудзілі штраф ад 525 да 700 тысяч рублёў.

Актывісты Аляксандр Працко і Святаслаў Шапавалаў правядуць за кратамі адпаведна 7 і 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Усіх іх прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў складзе арганізаванай групы грамадзян у вулічным шэсці і правядзенні пікету. У якасці доказу ў судзе дэманстраваўся відэазапіс, зроблены міліцыянтамі.

Нагадаем, 23 сакавіка каля 20-ці чалавек з чырвонымі і белымі паветранымі шарыкамі прайшлі ў Гомелі па месцах, звязаных з дзейнасцю міністра БНР Палуты Бадуновай. На 9 з іх тады былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы.

Журналістку Таццяну Бублікаву пакаралі нягледзячы на тое, што яна мела рэдакцыйнае заданне газеты "Товарищ" падрыхтаваць матэрыял пра экскурсію. Ёй у віну ставіліся два белых паветраных шарыкі, прывязаных да сумкі. Суддзя падкрэсліў, што паліто ў журналіста было чырвонае, таму колеравая гама атрымалася "апазіцыйнай".

23 красавіка ў Гомелі будуць судзіць іншых удзельнікаў экскурсіі.

Паводле БелаПАН

‹‹ на галоўную | у архіў