Маршрут “Чарнобыльскага шляху”: Акадэмія навук – плошча Бангалор

Арганізатары “Чарнобыльскага шляху-2008” пагадзіліся з маршрутам, прапанаваным уладамі. Сваё рашэнне яны агучылі 22 красавіка падчас прэс-канферэнцыі ў штаб-кватэры Партыі БНФ.

Акцыя павінна пачацца 26 красавіка ў 14.00 каля будынку Акадэміі навук, дзе адбудзецца мітынг. Пасля гэтага запланавана шэсце па вуліцы Сурганава да Чарнобыльскай капліцы ў парку Дружбы народаў ля плошчы Бангалор. Скончыцца мерапрыемства жалобнай малітвай.

Як паведаміў сябар аргкамітэту Віктар Карніенка, “Чарнобыльскі шлях – 2008” пройдзе пад трыма лозунгамі. Першы – праблема аховы здароўя людзей, якія пражываюць на тэрыторыях, забруджаных радыёнуклідамі. Другі – вяртанне сацыяльных ільгот для ліквідатараў аварыі на ЧАЭС. Трэці – праблема будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Беларусі.

- Пытанне гэта досыць складанае. Тут ёсць шмат аргументаў і “за” і “супраць”. Але ўсе мы патрабуем аднаго: канчатковае рашэнне павінна быць прынятае толькі пасля агульнанароднага абмеркавання дадзенай праблемы.

Яшчэ адзін сябар камітэту Ігар Рынкевіч дадаў да вышэйпералічаных лозунгаў чацверты:

- Асабіста я ў сваім выступе буду казаць пра прававы Чарнобыль, які існуе ў Беларусі. Мы бачым, што зараз улады рыхтуюць новую партыю палітзняволеных. Пайсюль ідуць суды над дэмакратычнымі актывістамі. Мэта гэтай кампаніі відавочная: адцягнуць увагу міжнароднай супольнасці ад маючых адбыцца ў верасні парламенцкіх выбараў.

Трэці ўдзельнік прэс-канферэнцыі, кіраўнік зарэгістраванага ва Украіне міжнароднага аб’яднання чарнобыльцаў Аляксандр Ваўчанін падкрэсліў, што 26 красавіка для апазіцыі не проста падстава для правядзення чарговай акцыі.

- Чарнобыль – наш агульны боль. Я заклікаю дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савету міністраў, прадстаўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта прыйсці на гэтую акцыю. Чарнобыльская праблема можа стаць адпраўной кропкай для пачатку дыялога паміж уладамі і апазіцыяй.

Нягледзяы на тое, што за апошні тыдзень уладамі была канфіскаваная амаль уся друкаваная прадукцыя, прысвечаная да “Чарнобыльскага шляху-2008”, арганізатары разлічваюць, што ўдзел у акцыі прымуць ад 6 да 8 тысяч чалавек.

Паводле “Радыё Рацыя”

‹‹ на галоўную | у архіў