У школах зноў з’явіліся акцябраты

22 красавіка ў шэрагу школаў Беларусі малодшых школьнікаў прымалі ў акцябраты.

У штабе Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі (БРПА), якая апякуецца акцябратамі, запэўніваюць: супадзенне гэтай даты з днём нараджэння Леніна — выпадковае, бо імя камуністычнага правадыра ў назве арганізацыі няма, а акцябрацкая супольнасць — не палітычная. Аднак пацвердзілі: ідэалагічны атавізм савецкай эпохі рэанімаваны “пад ціскам ветэранаў піянерскага руху”. Такім чынам, у сістэму школьнай адукацыі вернутыя ўсе атрыбуты камуністычнай ідэалогіі: акцябраты, піянеры і спадкаемцы камсамолу — “бэрээсэмаўцы”.

Спадарыня Ірына з Воршы сёння пакінула 7-гадовага сына-першаклясніка дома. На 22 красавіка ў школе, дзе вучыцца сын, прызначаны прыём у акцябраты. Кажа, што не збіраецца траўмаваць хлапца “савецкімі перажыткамі”. Праўда, не перакананая, што сына не прымуць у акцябраты завочна — грошы на значкі з бацькоў ужо сабралі:

“Гэта ж у нас, аказваецца, такія навіны! Адным словам, зноў зявіліся акцябраты, зорачкі чапляюць. Мы ўжо здалі па 2,5 тысячы на значкі, і, я так разумею, гэта ўвогуле падаецца як патасная падзея. Жах, адным словам, я ў шоку. Спачатку значэння гэтаму асаблівага нават не надала — ну, акцябраты, нехта, як раней проста, называе, хоць насамрэч сэнс і назва зусім іншая, у беларускім кантэксце. Нічога падобнага! І я проста ў шоку! Што гэта атрымліваецца — зноў сацыялізм-камунізм? Які ў нас камунізм? Дзе? Дык у Мінску таксама адбываецца тое ж, ці гэта на мясцовым узроўні ідэологі прыдумалі? Адным словам, ня ведаю, але гэта чыясці праца”.

У аддзеле адукацыі Аршанскага гарвыканкаму сказалі, што пра ініцыятывы школьных кіраўнікоў ня ведаюць, бо ідэалагічны складнік выхаваўчай працы — па-за кампетэнцыяй РАНА:

“Такой інфармацыі афіцыйнай у нас няма. Ня ведаю, што бацькі такое выдумалі. Афіцыйна ў нас з боку аддзелу адукацыі такога мерапрыемства, як уступленне дзяцей у акцябраты, не было запланавана, і ня ведаю, ці дзе яно праводзіцца”.

Старшыня Мінскага абласнога савету БРПА Алена Артамонава кажа, што ніякіх рэкамендацый адносна тэрмінаў прыёму малодшых школьнікаў у акцябраты піянерскі штаб не даваў, бо ў школах самастойна вырашаюць — даспелі дзеці да акцябрацтва ці яшчэ не.

“Рашэннем апошняга рэспубліканскага злёту малодшым школьнікам, сябрам Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, па настойлівай просьбе ветэранаў піянерскага руху ў год 85-годдзя вернутая гістарычная назва. Мы рэкамендуем іх прымаць ці ў другім паўгоддзі першага класа, ці ўжо калі яны адаптаваліся да школы, нечаму ўжо навучыліся, увайшлі ў навучальны працэс. І з дазволу бацькоў мы звычайна прымаем іх на пачатку другога класа. Дарэчы, імя Леніна даўно няма ў арганізацыі, яна з’яўляецца непалітычнай і, натуральна, ніякага прыёму адмыслова да 22 красавіка мы не плануем. Калі толькі супадзе выпадкова”.

Як расказалі некаторыя настаўнікі, у Мінску ў масавым парадку ў акцябраты рэкрутавалі 2 красавіка, у так званы Дзень яднання народаў Расіі і Беларусі. Наступная вялікая хваля мабілізацыі запланаваная на канец траўня, калі яшчэ з савецкіх часоў адзначаецца дзень утварэння піянерскай арганізацыі.

Выкладчыца малодшых класаў адной з мінскіх гімназій Антаніна Яўгенаўна расказвае, што фактычна ад моманту набыцця краінай незалежнасці малодшыя школьнікі былі ахопленыя своеасаблівым пазакласным гуртком па інтарэсах пад назвай “Нашчадкі” і да ідэалогіі ня мелі ніякага дачынення:

“Акцябратаў у нас дакладна не было. Былі “Нашчадкі” — гэта ад першых клясаў да чацвёртых пачатковай школы. У іх агульных значкаў не было, яны выбіралі самі па інтарэсах назвы: хто “Расінка”, хто “Бусляняты”, хто якія “Ручайкі”, хто “Светлячкі”. Яны самі з настаўнікамі вызначаліся, і пад іх мы ўжо замаўлялі адмысловыя знакі адрознення. Агулам яны называліся “Нашчадкамі”, а ўжо ў сваіх падраздзяленнях падзяліліся на розных “жучкоў-павучкоў”. Але ніякага дачынення да акцябратаў ня мелі”.

У снежні 2006 году на злёце БРПА было вырашана вярнуць малодшым школьнікам ва ўзросце ад 7 да 10 гадоў “гістарычную назву” — “акцябраты”. На інтэрнэт-старонцы БРСМ, якому падпарадкаваная ідэалагічная сфера ў дзіцячым і моладзевым асяродку, расказана пра мэты беларускіх акцябратаў: “выхаванне грамадзянскасці, патрыятызму праз абуджэнне цікавасці да сваёй “малой Радзімы”, традыцый сваёй сям'і і народу”. “Абуджэнне” адбываецца праз гутаркі з важатымі. Прыярытэтныя тэмы: “Наша Радзіма — Рэспубліка Беларусь: сцяг, герб, гімн”. Даступная ўзросту інфармацыя пра бягучыя падзеі ў краіне бярэцца з матэрыялаў газет і тэлебачання.

Паводле “Радыё Свабода”

‹‹ на галоўную | у архіў