Абвалілася вежа
Пішчалаўскага замка
У Мінску абвалілася вежа
Пішчалаўскага замка, дзе размяшчаецца следчы ізалятар галоўнага ўпраўлення
ўнутраных спраў Мінгарвыканкама (СІЗА № 1).
Як паведаміў БелаПАН
дзяжурны ізалятара, надзвычайнае здарэнне зафіксавана 20 красавіка ў 8.20.
«Пацярпелых няма, гэта нежылое памяшканне», — сказаў
дзяжурны.
Пішчалаўскі замак быў
пабудаваны ў 1825 годзе. Узведзены ў стылі ранняга класіцызму, ён адразу пачаў
выкарыстоўвацца ў якасці турмы. На пачатку мінулага стагоддзя тут быў зняволены
Якуб Колас, арыштаваны за ўдзел у несанкцыяваным з'ездзе радыкальна настроеных
настаўнікаў. Тут раней сядзелі героі паўстаньняў 1831 і 1863, Дунін-Марцінкевіч,
Карусь Каганец. На браме гэтага турэмнага замку быў павешаны Іван Пуліхаў, што
помсьціў расейскаму губэрнатару Курлову за расстрэл дэманстрацыі
менчукоў.
Прыкладна з 1999 года
пачаліся размовы аб будаўніцтве новага будынка СІЗА на ўскраіне Мінска і
перадачы будынка замка ў веданне гарвыканкама, аднак далей размоў справа не
прасунулася.
Летам 2002 года газета
«Вечерний Минск» паведаміла, што найбольш прыдатнай для будаўніцтва новага
следчага ізалятара спецыялісты МУС і камітэта па архітэктуры, горадабудаўніцтве
і землекарыстанні Мінгарвыканкама прызналі пляцоўку ў раёне Калядзіч пад
Мінскам. Паводле арыенціровачных разлікаў, кошт будаўніцтва СІЗА павінен скласці
прыблізна 20 млн. долараў.
У гутарцы з журналістамі ў
студзені 2004 года міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў паведаміў, што
даволі шмат падраздзяленняў і службаў МУС размяшчаюцца цяпер у будынках, якія
з'яўляюцца помнікамі архітэктуры. Напрыклад, райаддзел міліцыі ў Кобрыне
(Брэсцкая вобласць) размяшчаецца ў будынку жаночага манастыра XIV
стагоддзя.
Міжведамная камісія рыхтуе
да разгляду ўраду прапановы пра перанос следчага ізалятара N1 на вуліцы
Валадарскага ў Менску, дзе абрынулася вежа.
Пра гэта паведаміў
"Інтэрфаксу" у панядзелак часовы выканаўца абавязкаў начальніка ўпраўлення
інфармацыі і грамадскіх сувязяў міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Алег
Слепчанка.
"Плануецца, што прапановы
па пераносе "Валадаркі" будуць пададзены да канца красавіка", - паведаміў
ён.
А.Слепчанка таксама
паведаміў, што "неўзабаве эксперты прыступяць да ацэнкі стану былога
Пішчалаўскага замка, у якім размяшчаецца СІЗА".
Суразмоўца агенцтва
адзначыў, што "у выніку падзення часткі вежы не адбылося разбурэнняў мура, які
прымыкае да памяшканняў, дзе трымаюцца арыштаваныя і асуджаныя". "Вежа была
старая, у аварыйным стане", - удакладніў А.Слепчанка.
Паводле БелаПАН,
“Еўрапейскага радыё для Беларусі”, “Хартыя-97”
|