Беларуская дэлегацыя ў Бруселі

17 красавіка ў Бруселі (Бельгія) прадстаўнікі беларускай грамадскасці бяруць удзел у слуханнях у Еўрапарламенце па пытанні аб постчарнобыльскай сітуацыі ў Беларусі.

Ініцыятарам спецыяльнага пасяджэння Еўрапарламента па пытаннях мінімізацыі ў краіне наступстваў катастрофы на ЧАЭС выступіў доктар медыцынскіх навук прафесар Юрый Бандажэўскі, якія цяпер жыве ў Вільнюсе. У сустрэчы таксама бяруць удзел акадэмк НАНБ Аляксандр Вайтовіч, член-карэспандэнт НАНБ Іван Нікітчанка, доктар тэхнічных навук прафесар Георгій Лепін, старшыня грамадскага аб'яднання "Саюз Чарнобыль-Беларусь" (Кіеў, Украіна) Аляксандр Валчанін, праваабаронца Гары Паганяйла і галоўны рэдактар газеты "Народная воля" Іосіф Сярэдзіч.

У інтэрв'ю БелаПАН А.Валчанін паведаміў, што постчарнобыльская сітуацыя ў Беларусі абмяркоўваецца ў Еўрапарламенце. "Мы паставім пытанне аб неабходнасці прадоўжыць аздараўленне беларускіх дзяцей у краінах Еўрасаюза і аказання гуманітарнай дапамогі насельніцтву краіны, якая найбольш пацярпела ад наступстваў чарнобыльскай трагедыі", — сказаў А.Валчанін. Скарачэнне аб'ёмаў гуманітарнай дапамогі, што паступае ў краіну, ён матывуе пазіцыяй беларускіх уладаў, якія сцвярджаюць, што ў Беларусі адсутнічаюць постчарнобыльскія праблемы.

У сваім выступленні А.Валчанін мае намер прапанаваць дэпутатам Еўрапарламента ўвесці бязвізавы рэжым для ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, павялічыць аб'ёмы дапамогі Беларусі, а таксама стварыць Чарнобыльскі фонд пры Еўракамісіі з удзелам беларускіх грамадскіх арганізацый.

У Міністэрстве замежных спраў БелаПАН паведамілі, што не маюць інфармацыі аб удзеле ў слуханнях беларускіх чыноўнікаў. Паводле даных прэс-службы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, прадстаўнікі МНС не накіроўваліся на сустрэчу ў Еўрапарламент.

Паводле газеты “Народная Воля”

‹‹ на галоўную | у архіў