У Гомелі дапытваюць сведкаў правядзення гістарычнай экскурсіі

Журналістку Таццяну Бублікаву і праваабаронцу Анатоля Паплаўнага дапыталі ў міліцыі пра іх удзел у гістарычнай экскурсіі, праведзенай з нагоды 90-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Як паведамляе БелаПАН, экскурсія адбылася 23 сакавіка, калі актывісты дэмакратычных сіл прайшлі па гомельскай вуліцы з шарыкамі і сцяжкамі белага і чырвонага колеру. Яны наведалі месцы, звязаныя з жыццём дзяячкі БНР Палуты Бадуновай. На пачатку красавіка ў міліцыю выклікалі некалькі чалавек, якіх абвінавачваюць у арганізацыі незаконнага шэсця і ўдзеле ў ім.

Бублікава паведаміла міліцыянтам, што выконвала рэдакцыйнае заданне, але яе прызналі "правапарушальніцай" і склалі адміністрацыйны пратакол. У такой жа сітуацыі апынуўся і Паплаўны. Яму прапаноўвалі напісаць распіску, што больш ён не будзе ўдзельнічаць у падобных акцыях, але праваабаронца адмовіўся.

Паводле газеты “Народная Воля”

‹‹ на галоўную | у архіў