У Мінску перанесены помнік Максіму
Багдановічу
Асабіста Лукашэнка дазволіў прыбраць
помнік Максіму Багдановічу з таго месца, дзе той стаяў. Між тым, гэты помнік мае
другую катэгорыю ў Спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў (шыфр
1а1Е404457)… Манументальны вобраз Максіма Багдановіча быў створаны яшчэ ў 1981
г. скульптарам Сяргеем Вакарам. Месца гэтага помніка за 27 гадоў стала цалкам
ягоным.
Архітэктары Леанард Маскалевіч і Юры
Казакоў былі суаўтарамі скульптара Сяргея Вакара — супраць пераносу. Тады, у
1981 годзе, сэканомілі на дэталях і добраўпарадкаванні. І варта было б давесці
справу да канца. Але помніка больш няма на месцы. Яго, цынічна і дэманстратыўна,
перанеслі на іншае, заведама горшае месца, такім чынам знізіўшы ягоны
статус.
Раней помнік Багдановічу быў арыентаваны
ў бок Свіслачы, Верхняга гораду, стаяў на самым светлым месцы Траецкае гары. А
цяпер ён будзе стаяць у глыбокім ценю, тварам да шумнай магістралі, і глядзець
на Сувораўскае вучылішча з ашчадна адноўленымі надпісамі: «Сталин-Сталин-Сталин»…
Рэзкае набліжэнне помніка да будынкаў
сказіць ягоны маштаб. Ён стане дробным на фоне гмаху тэатра, дзе ўсталявалі
новыя скульптуры і навакольных дамоў. Спатрэбіцца іншы, большы
пастамент.
Між іншым, я бачыў праекты рэканструкцыі
тэрыторыі вакол тэатру. Там плануецца паставіць ажно 8 новых скульптурных
групаў! Дзеля іх нібыта і хочуць прыбраць помнік, каб не ствараць канкурэнцыі.
Там плануюць зрабіць фантан, чатыры круглыя плацыкі, пасярод якіх паставяць
буйныя скульптурныя кампазіцыі (пакуль не прыдумалі яшчэ якія) і збіраюцца
скульптурна аздобіць пандусы на лесвічных маршах перад тэатрам (таксама яшчэ
няма ідэяў). Але дэкаратыўная празмернасць ужо
запланаваная.
Любы перанос манументаў знакава роўны
разбурэнню. Але помнік любімаму паэту нацыі — наагул выключны сімвал. За 28
гадоў найноўшае гісторыі гэты помнік стаў важным знакам нацыянальнае
ідэнтычнасці. Сюды неслі кветкі і на вяселлі і падчас розных
урачыстасцяў.
Гэтая падзея з чарады жорсткіх захадаў,
скіраваных на дэвальвацыю знакаў: пераназоў праспекта Скарыны, грамадскі туалет
на месцы дома Караткевіча, адмова назваць вуліцы імем Быкава… Заўтра не
спадабаецца, як сядзіць Колас на плошчы, ці як стаяць крыжы. Гэта яскравае
пасланне — можна ламаць, перайначваць усё, абы толькі не ўзвышаліся нацыянальныя
каштоўнасці. Заўважу, нічога падобнага з помнікамі сталінізму-саветызму ў
РБ не адбылося. Нават перайменаванне вуліцы Берсана выклікала разнос
зверху.
Якімі б намерамі ні прыкрываліся
ініцыятары пераносу помніка Багдановіча, яны нанеслі балючы ўдар па нацыянальным
самапачуцці беларусаў.
Паводле “Нашай Нівы”, Сяргей
Харэўскі
|