У Навагрудку
запачаткавалі стварэнне музея Барыса Кіта
У Навагрудку
запачаткавалі стварэнне музея Барыса Кіта
Барыс Кіт 6 красавіка
адзначыў свае 98-годдзе. Шматлікія віншаванні атрымліваў ў гэты дзень вядомы
навуковец і хаця зараз ён жыве ў Нямеччыне, але яго сям’я паходзіць з вёскі
Агароднікі, што на Навагрудчыне. Нарадзіўся Барыс Кіт у Пецярбургу, але
пачатковую адукацыю атрымаў на радзіме ў Навагрудку ў беларускай гімназіі. У
1933 годзе скончыў фізіка-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта са
ступенню магістра матэматыкі, пачаў выкладаць ў Беларускай гімназіі ў
Наваградку, а ў 1939 г. стаў яе дырэктарам. У 1940 г. заняў пасаду
акруговага інспектара Баранавіцкай навучальнай акругі, арганізаваў пачатковыя і
сярэднія школы ў Баранавіцкім, Слонімскім, Валожынскім і Ваўкавыскім
раёнах. Б. Кіт быў актыўным удзельнікам беларускага нацыянальнага руху ў
Заходняй Беларусі. Ён быў звязаны з Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй,
Таварыствам беларускай школы, Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамадой. Падчас
гітлераўскай акупацыі, узначальваючы семінарыю і школу ў Паставах і Маладзечне,
ён ратаваў беларускую моладзь ад вывазу ў Германію. Ратуючыся ад сталінскай
дыктатуры, паспытаўшы, што такое паланізацыя, русіфікацыя, фашысцкая акупацыя,
пры якой, трапіўшы ў рукі гестапа, ён ледзь не загінуў, у канцы 40-х вучоны стаў
грамадзянінам ЗША.
Сёння яго імя вядома
навуковай грамадскасці свету, дзякуючы яго працам па касмічнай праграме
ЗША. З сярэдзіны 60-х гадоў Б. Кіт удзельнічаў у падрыхтоўцы першых
амерыканскіх касмічных і ракетных сістэм. Як эксперт па астранаўтыцы ЗША
ён прымаў удзел у міжнародных з’ездах, перамовах ЗША і СССР аб наладжванні
паміж імі супрацоўніцтва ў галіне касмічных даследаванняў. 25 год удзельнічаў у
амерыканскіх касмічных даследаваннях, першым разлічыў прынцыпы выкарыстання
вадароду як паліва для касмічных ракет, аб’ездзіў з лекцыямі амаль усе краіны
свету.
Б. Кіт з’яўляецца аўтарам
шматлікіх артыкулаў па тэарэтычных пытаннях ракетнай тэхнікі і касмічных
даследаванняў, першага ў гісторыі навукі падручніка па ракетнай тэхніцы і
ракетным паліве, кнігі “Гісторыя і сучасны стан савецкай астранаўтыкі”, а
таксама артыкулаў па гісторыі навукі і педагогіцы. У 1983 г. ён абараніў
дысертацыю па гісторыі матэматыкі і атрымаў дыплом доктара філасофіі
Рэгенсбургскага універсітэта.
Веды Б. Кіта высока ацэнены
ў свеце. Ён старэйшы сябра Амерыканскага астранаўтычнага таварыства, ганаровы
сябра Брытанскага міжпланетнага таварыства, сябра Дырэктарыята нямецкага
Астранаўтычнага Таварыства, сябра камітэта гісторыі Міжнароднай Акадэміі
Астранаўтыкі (Парыж). Яму нададзена званне заслужанага прафесара
Мэрылендскага універсітэта. Таварыства імя Германа Обэрта (ФРГ) узнагародзіла
Барыса Кіта залатым медалём за заслугі ў галіне астранаўтыкі.
Прабыўшы больш за паўвека
за межамі Беларусі, валодаючы еўрапейскімі мовамі, ён толькі беларускую прызнае
роднай, увесь час размаўляе на ёй, лічыць яе самай прыгожай, мілагучнай, здатнай
канкурыраваць з асноўнымі еўрапейскімі. На пачатку 90-х гг., калі Беларусь стала
незалежнай, ён адным з першых прыехаў на радзіму, пачаў як настаўнік (на
сустрэчу з ім у 1992 г. зляцеліся яго шматлікія былыя вучні з Вільні, Мінска,
Навагрудка, Паставаў, Глыбокага, Маладзечна, Гродна) ажыццяўляць планы стварэння
Беларускага нацыянальнага універсітэта (па тыпу еўрапейскіх). Разам са сваім
адвакатам разаслаў сотні лістоў-праспектаў фундацыям у пошуках спонсараў. Але
затым многае ў Беларусі зноў змянілася.
Барысу Кіту прысвечаны верш
Вольгі Іпатавай “Настаўнік”, дзве кнігі беларускай пісьменніцы Лідзіі
Савік “Вяртанне” і “Космас беларуса”, карціна Анатоля Крывенка “Барыс Кіт
і Васіль Быкаў” і іншыя творы. Васіль Быкаў напісаў “Аповяды Барыса Кіта,
расказаныя ім самім”, якую ён выдаў у 2004 годзе ў Нямеччыне. Знакаміты
пісьменнік дапамагаў знакамітаму вучонаму пісаць біяграфію. Імя Барыса Кіта
закладзена ў “капсуле часу” лепшых вучоных сусветнай касманаўтыкі, якая
замуравана ў сцяне амерыканскага Капітолія (па іншым дадзеным, гэта капсула
зараз знаходзіцца ў наўмысным сховішчы Гарвардскага ўніверсітэта і будзе
адчынена толькі праз 500 год). Такога пачэснага жэста ў ЗША ўдастойваюцца
людзі, якія маюць асабістыя заслугі перад краінай. “Працоўнай групай
беларуска-нямецкіх сустрэч” заснавана Прэмія імя Барыса Кіта, якая ўручаецца
пісьменнікам, навукоўцам, журналістам і студэнтам, вядомым сваёй дэмакратычнай
дзейнасцю ў Беларусі (яе атрымалі пісьменніца Вольга Іпатава (2003), доктар
медыцыны Андрэй Майсеёнак (Гродна, 2003). У Мінску створана аб’яднанне “Сябрына
Барыса Кіта”.
Штогод з юбілеямі яго
віншуе прэзідэнт ЗША. Апошнія 35 гадоў Барыс Кіт жыве ў Франкфурце-на-Майне ў
Нямеччыне.
15 сакавіка пісьменніцы
Вольга Іпатава і Лідзія Савік запачаткавалі стварэнне ў Наваградку музея
славутага сына беларускай зямлі, асветніка і навукоўца Барыса Кіта. Такое
рашэнне аб стварэнні музея прынялі гарадскія ўлады і адвялі пад яго даволі
сімвалічнае месца – памяшканне ў будынку былой беларускай наваградскай гімназіі,
дзе вучыўся славуты навукоўца, зараз гэта дзейнічаючая сярэдняя школа №1. Б. Кіт
таксама з’яўляецца ганаровым грамадзянінам Навагрудка.
Быў адзначаны ў школе
98-гадовы юбілей Барыса Кіта, які працаваў выкладчыкам матэматыкі, а пазней і
дырэктарам гімназіі. У Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей у 2007 годзе ўжо
былі перададзены каля 200 матэрыялаў з асабістага архіва. Гэта яго публікацыі,
перапіска, граматы і дыпломы Міжнароднай федэрацыі астранаўтаў. Усяго ў музеі
сабрана на дадзены момант каля 600 экспанатаў, перададзеных Барысам Кітом. Гэта
яго асабістыя рэчы, фотаздымкі, узнагароды. Але было вырашана пашырыць
экспазіцыю і стварыць музей куды ўвойдуць не толькі звесткі пра кола сяброў і
аднакласнікаў Барыса Кіта, але будзе размешчана і інфармацыя пра тых
выпускнікоў, якія пазней праславілі гімназію.
Вольга Іпатава і Лідзія
Савік, аўтары кніг і шматлікіх аповесцяў пра Барыса Кіта, распавялі школьнікам
пра этапы будаўніцтва гімназіі, якую бацькі стваралі за свае ўласныя грошы
каб дзеці атрымалі адукацыю на беларускай мове.
Разам з імі ў святкаванні
юбілею Б. Кіта ўдзельнічаў мастак Уладзімір Гладкоў, які вельмі цікавіцца асобай
навукоўца і шмат працаваў над стварэннем экспазіцыі.
Запланавана адкрыццё музея
на жнівень, акурат да новага навучальнага года.
Інфармацыйны цэнтр МГА
“ЗБС “Бацькаўшчына”
|