Беларуска-польска-нямецкі семінар
“BelaPlus 2008” адбыўся ў Мінску
У Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры пад негалосным дэвізам “Будучыня еўрапейскай Беларусі – у нашых руках” прайшоў беларуска-нямецка-польскі семінар “BelaPlus 2008” з прэзентацыяй праектаў і подыюмнай дыскусіяй.
Арганізатарамі семінара выступілі з
нямецкага боку арганізацыя “Kultur Aspekt”, з польскага – моладзевая ініцыятыва
“Вольная Беларусь” і з беларускага - грамадскае аб’яднанне “Трэці шлях”. Маладыя
людзі з многіх рэгіёнаў краіны, якія только пачынаюць альбо жадаюць заняцца
актыўнай грамадскай дзейнасцю, на конкурсе рэпрэзентавалі свае менавіта малыя
праекты з мэтыю атрымання грантаў для іх рэалізацыі на радзіме.
Сярод такіх праектаў – “Альтэрнатыўныя
сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі”, “Барацьба з парушэннямі правоў студэнтаў
у Беларусі”, “Эка-маркетынг”, “Мастацтва і сучаснасць” ды іншыя. Па выніках
конкурсу будуць абраныя паўтара дзесятка лепшых аўтараў праектаў, якія
адправяцца ў Варшаву, дзе добра адукаваныя выкладчыкі будуць іх вучыць, як
арганізаваць праект, атрымаць грант, стварыць арганізацыю.
Паводле словаў аднаго з арганізатараў
праекту з Польшчы Томаша Бладынца, “дзесяць самых добрых людзей з гэтай групы
паедзе на два месяцы на практыку ў розныя арганізацыі Еўропы, каб паглядзець, як
такія арганізацыі працуюць. Многія гэтыя арганізацыі маюць непасрэднае дачыненне
да беларускае справы, таму навучэнцы змогуць не толькі назіраць, але і працаваць
на карысць Беларусі”.
А ўвогуле, адзначае Томаш Бладынец,
задачы кампаніі “BelaPlus” больш шырокія і доўгатэрміновыя: “Ёсць мэта такая,
каб актывізаваць маладых людзей у Беларусі, а таксама стварыць кантакты, сувязі.
У апошні год мы наладзілі шмат такіх кантактаў і лічым, што ў будучыні з гэтымі
людзьмі ў Беларусі мы, палякі, і нашыя нямецкія партнёры будуць супрацоўнічаць у
розных цікавых сур’ёзных праектах. Таму што гэта праца па пабудове грамадства ў
Беларусі, а гэта справа на шмат-шмат гадоў”.
“Каб займацца такімі рэчамі, трэба быць
крыху прафесійным мэнэджэрам, а ў нашай беларускай грамадзянскай супольнасці
крыху бракуе акурат прафесіяналізму, - адзначае прадстаўнік арганізацыі “Трэці
шлях” Алесь Апелькін. - Таму трэба сабраць 15-20 маладых людзей і зрабіць з іх
нармалёвых, добрых, прафесійных праектных мэнэджэраў. І таксама яшчэ паралельна
мы праводзім праект “Ліберальны клуб” – арганізоўваем круглыя сталы, экспертныя
сустрэчы таксама тут, у ІВВ. Мы імкнемся запрашаць людзей не толькі са сталіцы,
а больш з рэгіёнаў, якія не маюць канкрэтнага лёгкага доступу да экспертаў, ці
не маюць магчымасці камунікаваць з людзьмі з іншых рэгіёнаў”.
Студэнт Беларускага нацыянальнага
тэхнічнага універсітэта Сяржук Яўменаў і выпускніца БНТУ Віка Захарава
прадстаўлялі праект “Літаратурны партал “pishu.by”.“Гэта партал, дзе мы
плануем аб’яднаць на адной пляцоўцы маладых пісьменнікаў і паэтаў і чытачоў. Мы
плануем таксама рабіць гэта не толькі ў інтэрнэт-прасторы, але ладзіць сустрэчы
ў рэаліі, літаратурныя вечары, спаборніцтвы”.
Паводле Вікі Захаравай, “на самой справе
вельмі цяжка арганізаваць такія праекты, таму што, па-першае, вельмі часта
моладзь баіцца распаўсюджваць інфармацыю пра тое, што яна робіць, а па-другое,
вельмі цяжка знайсці сродкі. А калі больш сур’ёзныя справы, то цяжка дамовіцца і
з памяшканнем, і ўвогуле знайсці нейкую падтрымку”.
На маё пытанне, што падштурхоўвае маладых
людзей да ўдзелу ў такіх праектах, Сяржук і Віка адказалі: “Прага да актыўнасці,
прага змяніць нешта ў сваім асяроддзі, паўплываць неяк і сваім прыкладам, і
ўвогуле тым, што ты робіш, на маладых людзей, у першую чаргу, на студэнтаў, ну,
і ўвогуле, самарэалізацыя". “Яшчэ ёсць такі момант – жаданне зрабіць што-небудзь
для сваёй любімай краіны”.
Прадстаўнік нямецкай арганізацыі “Культур
Аспект” Маркус Ёртэль адзначыў, што дагэтуль у многіх застаецца спрэчным
пытанне, ці ёсць сённяшняя Беларусь часткай Еўропы альбо не.“У некаторых
момантах, так. А з іншага пункту гледжання, яна застаецца ізаляванай, але гэта
можа змяніцца, таму паглядзім, як сітуацыя будзе развівацца. Галоўнае, як людзі
сябе адчуваюць у гэтым плане. Калі я сустракаю беларуса, які кажа: так, я хачу
быць адкрытым да Еўропы, тады для мяне ён і ёсць беларускай часцінкай Еўропы”.
Маркус адзначае, што цікавасць да
Беларусі ў Еўропе па-ранейшаму застаецца невялікай: “Наша і падобныя нашай
арганізацыі натуральна працуем над тым, каб абудзіць цікавасць да Беларусі. Я б
сказаў, што цікаваць да гэтай краіны павялічылася пасля сакавіка 2006 году, але,
нажаль, у вельмі вузкім фокусе – маўляў, у Беларусі ўсё кепска, Беларусь – гэта
там, дзе кіруе Лукашэнка. Але такое вузкае ўспыняцце краіны мне не падабаецца”.
Маркус Ёртэль патлумачыў, чаму супраца
менавіта з беларускай моладзю цікавіць яго найбольш: “Маладыя людзі вельмі
заангажаваныя ў будучыні Беларусі. З маладзёнамі трэба працаваць, вельмі шкада,
калі многія маладзёны прадастаўленыя самі сабе, гэта мае месца і ў Нямеччыне.
Тут у моладзі ёсць вялікая цікавасць зазірнуць па-за межы ўласнае краіны,
пазнаёміцца з замежнымі досведамі. Мы адчуваем гэтую цікавасць і будзем для
гэтага працаваць”.
Апроч прадстаўлення конкурсных праектаў,
у нядзелю ў рамках семінара адбылася і подыюмная дыскусія па пытаннях культуры.
Удзельнікі мерапрыемства атрымалі магчымасць падыскутаваць з прадстаўнікамі
творчай інтэлігенцыі, у тым ліку і з вядомым мастаком Артурам Клінавым.
Паводле радыё “Нямецкая
хваля”
|