Палякам i беларусам памежжа вiзы
будуць не патрэбныя
Прэм'ер-мiнiстр Польшчы Дональд Туск
падпiсаў праект дамовы аб малым памежным руху з Беларуссю, паведамiў
iнфармацыйны цэнтр польскага ўраду.
Такiм чынам, ёсць спадзяванне, што дамова
аб малым памежным руху памiж Польшчай i Беларуссю, якую чакаюць жыхары памежных
рэгіёнаў, блiжэйшым часам будзе падпiсана i пачне дзейнiчаць. Дзякуючы гэтай
дамове жыхары памежнай зоны змогуць ездзiць у суседнiя краiны без
вiз.
Зацверджаны дакумент перададзены зноў у
МЗС Польшчы i затым будзе перасланы беларускаму боку, паведамiў прэс-сакратар
польскага МЗС Пётр Пашкоўскi.
Як паведамiў прэс-сакратар Пасольства
Рэспублiкi Беларусь у Польшчы Дзмiтрый Выбарны, беларускi бок гатовы разгледзець
польскi праект вельмi хутка: "Ставiм гэтую праблему перад польскiм бокам з
красавiка 2007 года. Дэкларуем гатоўнасць да працягвання перамоў аб падпiсаннi
гэтага пагаднення нават на наступны дзень пасля атрымання афiцыйнага праекта ад
польскага боку".
Дарэчы, нядаўна такая дамова была
падпiсана памiж Польшчай i Украiнай. Паводле яе, грамадзяне, што пражываюць у
50-кiламетровай памежнай зоне, змогуць замест вiз атрымлiваць спецыяльныя
дазволы ў выглядзе пластыкавых картак, якiя будуць выдавацца на 2 гады i
каштаваць 20 еўра.
Што ў беларуска-польскай аналагiчнай
дамове — пакуль невядома. Мажлiва, памежнай зонай вызначаць 30 кiламетраў, а не
50. Бо ў Еўракамiсii маюцца заўвагi да пагаднення аб малым памежным руху памiж
Польшчай i Украiнай. Справа ў тым, што, паводле заканадаўства ЕС, шырыня такой
зоны — максiмум 30 км.
Паводле “Народнай Волі”
|