“Будзьма дударамі!” у
Мінску
Фэст пад лозунгам “Будзьма дударамі!”
пройдзе ў Мінску з 24 па 27 красавіка.
На “Дударскі фэст” прыедуць дудары з
Літвы, Новай Зеландыі, Балгарыі, Беларусі, Эстоніі, Польшчы, Украіны, Расіі,
Латвіі і Японіі. Аб гэтым паведаміў прадзюсер фэсту Зміцер Сасноўскі на
прэс-канферэнцыі, якая адбылася 9 красавіка ў Мінску.
У гэтым годзе фэст парадуе прыхільнікаў
дударскага майстэрства: павялічваецца колькасць дзён фэсту да 4, павялічваецца
колькасць краінаў, што бяруць удзел.
Фэст пачнецца 24 красавіка з
прэс-канферэнцыі. 25 красавіка, а 19 гадзіне, ў малой залі к/з “Мінск”
адбудзецца канцэрт, на якім выступяць усе ўдзельнікі “Дударскага фэсту”. 25
красавіка, а 18 гадзіне распачнецца танцавальны канцэрт у клубе “Рэактар”. 26
красавіка – міжнародная дударская канферэнцыя. І скончыцца музыкальная падзея
вясны пад гукі дудаў (валынак) у клубе “Катакомбы”. Па выніках фэсту плануецца
выданне зборніка дакладаў канферэнцыі, аўдыёзапіс фестывалю і відэафільма
“Дударскі фэст 1992–2008”. Таксама ў гэтым годзе мяркуецца завершыць стварэнне
Дударскага таварыства Св.Васіля.
Унікальнасць усёй працы, якую робяць
беларускія дудары па адраджэнні гэтай традыцыі ў тым, што ніякіх запісаў да
нашых часоў не захавалася, і любыя звесткі і ноты для дуды з’яўляюца вельмі
каштоўнымі і ўнікальнымі. Суцяшае той факт, што валынка для Беларусі адраджаецца
праз аматараў, якія шмат высілкаў аддаюць на тое, каб вырабляць самім
інструменты, каб вучыць новае пакаленне дудароў. І ў справе адраджэння дуды з
нашымі майстрамі лічацца ў Еўропе.
Падтрымку фэсту аказваюць “Згуртаванне
беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Беларуская музычная альтэрнатыва, Беларускі
партал “Tut.by”, фірма “Adidas” ды іншыя арганізацыі.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС
“Бацькаўшчына”
|