З'явіўся сайт "няправільнага" Саюза
пісьменнікаў
У Інтэрнэце з'явіўся сайт Саюзу
беларускіх пісьменнікаў (http://www.litbel.org/). Кіраўнік пісьменніцкай арганізацыі
Алесь Пашкевіч у каментары Еўрарадыё адзначыў, што неабходнасць у такім
Інтэрнэт-рэсурсе з'явілася даўно.
Па словах А.Пашкевіча, незалежнае
літаратурна-грамадскае жыццё ў Беларусі мае напалову віртуальны характар. Таму
беларускія неафіцыёзныя літаратары “з месяца ў месяц, з году ў год імкнуліся да
выяўлення сваіх думак і падачы інфармацыі пра незалежны літаратурны рух”.
Паколькі з кожным месяцам гэта было рабіць усё цяжэй, то паўстала неабходнасць
прадстаўлення сваёй дзейнасці ў сусветным Сеціве.
Пашкевіч: "Літаратурны сайт у першую
чаргу прэзентуе дзейнасць Саюза Беларускіх пісьменнікаў. А таксама закліканы
знаёміць яго наведнікаў з літаратурна-культурнымі навінамі Беларусі".
На думку А.Пашкевіча, з цягам часу сайт
ператворыцца ў літаратурную энцыклапедыю, дзе можна будзе знайсці біяграфіі і
творы беларускіх пісьменнікаў сучаснасці і ранейшых часоў. Акрамя таго, на гэтым
рэсурсе можна знайсці ўсе выпускі газеты "Літаратурная Беларусь" у PDF-версіі.
Праца над сайтам працягваецца.
Паводле “Еўрапейскага радыё для
Беларусі”
|