Што плануюць дэмсілы на гадавіну
Чарнобылю
8 красавіка арганізацыйны камітэт
“Чарнобыльскага шляху—2008” падаў заяўку ў Мінскі гарвыканкам. Подпісы пад ёй
паставілі 8 асобаў.
У Магілёве сябры апазіцыі просяць уладу
дазволіць у гэты дзень пікеты ў цэнтры горада і ў яго мікрараёнах. А ў Гомелі
грамадскія актывісты распачынаюць падрыхтоўку да “Гадзіны
смутку”.
Адзін з лідэраў руху “За Свабоду” Юрась
Губарэвіч інфармуе пра асаблівасці планаванага на 26 красавіка ў Мінску
“Чарнобыльскага шляху” ад пляцоўкі ля Акадэміі навук:
“У 14.00 — пачатак. І маршрут далей
вызначаны па праспекце да плошчы Незалежнасці, дзе адбудзецца мітынг. Для
абмеркавання на ім вызначаны тры асноўныя тэмы. Першая — адмена сацыяльных
гарантыяў для людзей, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Другая тэма
— гаспадарчая дзейнасць на забруджаных тэрыторыях. І адна з новых тэмаў —
будаўніцтва новай атамнай электрастанцыі і ўсё, што з гэтым
звязана”.
Каб не залежаць ад настрояў мясцовай
улады, сёлета актывісты апазіцыйных партыяў і арганізацыяў у Магілёве збіраюцца
правесці свой мітынг і шэсце супраць будаўніцтва ў Беларусі АЭС. Адпаведная
заяўка пададзеная ў гарвыканкам. Таксама магілёўскія дэмакраты распачынаюць збор
подпісаў супраць будаўніцтва АЭС.
У Гомелі ў падрыхтоўцы да 26-га красавіка
ёсць свае асаблівасці. Гаворыць сябра Рады рэгіянальнай дэмакратычнай кааліцыі
Віктар Палякоў: “Пакуль яшчэ абмяркоўваем. Канчатковае рашэнне ня вызначана. Але
дакладна магу сказаць, што ніякіх заявак падаваць не збіраемся, бо выніку ад
гэтага ня будзе. Мы цягам двух апошніх гадоў больш за сотню заяваў падавалі ў
Гомельскі гарвыканкам і мясцовыя райвыканкамы, але ніводнага разу нам не
дазволілі публічных акцыяў. Таму, хутчэй за ўсё, мы правядзем Гадзіну
смутку”.
Паводле “Радыё Свабода”
|