Ініцыятыва па стварэнні помніка Ф.
Аляхновічу
9 сакавіка споўнілася 125 гадоў з дня
нараджэння Францішка Аляхновіча, славутага беларускага драматурга. Яго жыццё і
творчасць непарыўна звязана з Вільняй: тут ён нарадзіўся, тут працаваў, тут
пахаваны. Гісторыкі часта называюць яго бацькам беларускага тэатру. Але
афіцыйнымі беларускімі ўладамі гэта геніяльны чалавек дагэтуль не абласканы. У
Рэспубліцы Беларусь няма яму ніводнага помніка ні вуліцы з ягоным імям. У гонар
Францішка Аляхновіча ня створаны ні музеі, ні тэатры, яго не вывучаюць у школе.
Як арыштавалі яго бальшавікі ў 1927 годзе, прычапілі яму ярлык “ворага народа” –
так да сёння не дачакаўся прызнання ў роднай дзяржаве.
А гэта чалавек варты ўсялякай увагі і
павагі. Ён стваральнік першых беларускіх тэатраў у Вільні і Мінску, аўтар
дзесяткаў п’ес, выдавец і публіцыст. Асабліва трэба адзначыць ягоную кнігу “У
кіпцюрах ГПУ”. Пасля таго, як у 1933 годзе яму ўдалося вырвацца з савецкага
пекла ў родную Вільню, былі напісаны гэтыя ўспаміны. Кніга адразу была
перакладзена на сем моваў. Такім чынам беларус Францішак Аляхновіч ці не самы
першы расказаў свету пра жахі савецкай карнай сістэмы. Сёння на могілках Росы ў
Вільні яму ўсталяваны помнік. На жаль, гэта не сапраўдны помнік, а пластыкавая
мадэль. Чакалася, што беларускія ўлады знойдуць сродкі і паставяць каменны
манумент – не дачакаліся, таму сёння беларускія грамадскія арганізацыі ствараюць
камітэт, каб самастойна паставіць помнік. Заклікаем усіх беларусаў да ўдзелу ў
гэтай ініцыятыве. Францішак Аляхновіч на прыстойную памяць – ён як Янка Купала і
Якуб Колас стаў класікам беларускай літаратуры.
Людвіка Кардзіс (ГА Беларускі музей
імя І. Луцкевіча)
Хведар Нюнька (Таварыства беларускай культуры ў Літве)
Алена Глагоўская і Эмілія Аляхновіч (Беларускае культурнае таварыства “Хатка” ў Гданьску)
|