Еўрасаюз працягнуў санкцыі для
Беларусі
Рада Еўрасаюза працягнула да 10 красавіка
2009 году візавыя абмежаванні для шэрагу высокапастаўленых чыноўнікаў Беларусі.
Рашэнне рады тычыцца таксама замарожвання іх фінансавых
актываў.
У афіцыйным каментары гаворыцца, што
гэтае рашэнне грунтуецца на мерах, уведзеных у 2004 годзе адносна чыноўнікаў,
якія вінаватыя ў фальсіфікацыі выбараў і рэферэндуму 2004 года, парушэнні
міжнародных выбарчых стандартаў на выбарах у сакавіку 2006 года і ціску на
грамадзянскую супольнасць і падаўленні супраціву дэмакратычнай
апазіцыі.
Спіс асобаў, якіх тычацца візавыя
абмежаванні, застаецца нязменным. Аднак ён можа быць дапоўнены ў любы час на
падставе пэўных крытэраў у ацэнцы наступных падзеяў.
Рада і Еўракамісія прывіталі таксама
вызваленне пяці з шасці прызнаных міжнароднай супольнасцю палітзняволеных у
Беларусі. Рада і Еўракамісія таксама заявілі пра неабходнасць безумоўнага
вызвалення ўсіх палітзняволеных у Беларусі, што разглядалася б як канкрэтны крок
да павагі еўрапейскіх каштоўнасцяў, дэмакратыі і правоў чалавека. Гэта дазволіла
б перагледзець абмежавальныя меры адносна чыноўнікаў у
Беларусі.
Рада і Еўракамісія ў гэтым звязку таксама
звяртаюць увагу на парламенцкую выбарчую кампанію, якая павінна быць праведзена
згодна з міжнароднымі выбарчымі стандартамі. Гэта магло б стаць падставай для
далейшых станоўчых крокаў.
Рада і Еўракамісія нагадваюць, што гэтае
рашэнне можа быць перагледжана ў звязку з палітычнымі падзеямі ў Беларусі.
“Вызваленне ўсіх палітычных зняволеных і
правядзенне ў верасні 2008 года парламенцкіх выбараў забяспечыла б пэўныя
магчымасці для такога перагляду”, – гаворыцца ў паведамленні Рады Еўрасаюза і
Еўракамісіі.
Паводле “Радыё Свабода”
|