Уручана прэмія імя Льва
Сапегі
Гарадзенскі гісторык Сяргей Токць стаў
трэцім лаўрэатам навуковай прэміі імя Льва Сапегі. Заснавальнікамі прэміі
з’яўляюцца ўроцлаўскі Калегіюм Усходняй Еўропы і Цэнтр усходнееўрапейскіх
даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту. Гэтая ўзнагарода дае магчымасць
беларускім навукоўцам цягам году праводзіць навуковыя даследаванні ды
самастойныя лекцыі ў пяці польскіх прэстыжных універсітэтах і дзяржаўных
архівах.
Пра ідэю прэміі распавядае дырэктар
Цэнтру ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту Ян
Маліцкі.
Ян Маліцкі: Характэрнай рысай гэтай
прэміі з’яўляецца тое, што яе атрымліваюць асобы, якія робяць шмат для
дэмакратызацыі Беларусі. Будуюць грамадзянскую супольнасць, якая памятае пра
сваю гісторыю, не адкідвае падзеяў, звязаных з Вялікім Княствам Літоўскім у
складзе Рэчы Паспалітай двух народаў. У рамках прэміі лаўрэат ездзіць ад
універсітэту да ўніверсітэту, згодна са старой акадэмічнай традыцыяй, дзе
праводзіць уласныя лекцыі са студэнтамі і самастойна займаецца навуковымі
даследаваннямі. 5 прэстыжных польскіх універсітэтаў гарантуюць існаванне гэтай
узнагароды.
Упершыню прэмія была ўручана ў 2006 годзе
гісторыку Валянціну Голубеву.
В. Голубеў: Скрозь было выдатна. Я вельмі
ўдзячны кіраўніцтву ўсіх 5-і ўніверсітэтаў, супрацоўнікам усіх бібліятэк і
архіваў, дзе я працаваў. Беласток – гэта беларускі куток у Польшчы. Варшава –
гэта архівы, гэта навуковы і палітычны цэнтр цяперашняй Польшчы. Кракаў – гэта
Кракаў! Гэта і ўніверсітэт, і бібліятэкі, і архівы. Вроцлаў – гэта месца, дзе
вельмі рэдка даяжджалі беларускія навукоўцы. А Познань – гэта і бібліятэка
Рачыньскіх, і Курніцкіх. Там ёсць шмат людзей, якія займаліся гісторыяй
Беларусі. Пра ўсё можна сказаць у такім высокім стылі. Год прайшоў вельмі хутка.
Але я жыву гэтым, я працую, апрацоўваю сабраныя матэрыялы. І хаця ўжо
прадставілі трэцяга лаўрэата прэміі імя Льва Сапегі, я сябе ўспрымаю як быццам
бы толькі пачынаў працаваць.
Другім лаўрэатам прэміі з’яўляецца
літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч, які ўжо правёў больш за палову сваіх
даследаванняў у Польшчы, але, як заначае, яшчэ намерваецца зрабіць шмат
карыснага.
Я. Янушкевіч: Прайшоў год ад уручэння
самой прэміі, а для працы я маю цэлых чатыры месяцы. Памятаючы больш-менш
знаёмае кожнаму ўяўленне, што такое апошнія дні для студэнта, то ўявіце, што 4-ы
месяцы для такога працаўніка, як я – гэта вельмі нямала. Найбольш плённа для
мяне прайшоў побыт у Кракаве, дзе апроч легендарнай Ягелонкі, я працаваў у музеі
Чартарыскіх, у архіве на Вавелі, дзе пазнаходзіў дакументы пра родны Ракаў.
Працавалася ў Беластоку і працавалася ў Варшаве. Наперадзе ў мяне яшчэ
ўніверсітэт імя Адама Міцкевіча ў Познані і Вроцлаў.
Сёлетні, трэці па ліку, лаўрэат навуковай
прэміі, гэта таксама гісторык. Як зазначае Ян Маліцкі, было даволі цяжка
вызначыць сёлетняга лаўрэата пасярод так знакамітага кола кандыдатаў.
Ян Маліцкі: Няма звычаю распавядаць пра
іншых кандыдатаў, але я скажу, што сёлетні лаўрэат быў самым маладым сярод усіх
кандыдатаў, якія прайшлі ў другі тур. Капітула вырашыла абраць гэтага кандыдата,
таму што, па-першае, аб ім гавораць як аб адным з самых здольных і знакамітых
гісторыкаў маладога пакалення ў Беларусі. Па-другое, гэтая прэмія з’яўляецца
ініцыятывай акадэмічных колаў. Свайго роду інвестыцыя ў маладых даследчыкаў,
інвестыцыя ў эліты. А эліты – гэта фундамент пераменаў і грамадскага ладу. Два
папярэднія лаўрэаты выканалі сваё заданне, і гэта карысць для польскіх
універсітэтаў. Цяпер як адзін, так і другі лаўрэат рыхтуюць да друку свае
кніжкі, якія будуць свайго роду бачным знакам прэміі імя Льва
Сапегі.
Дзякуючы ўзнагародзе, сёлетні лаўрэат
зможа працягваць даследаванні, распачатыя ў Горадні.
С. Токць: Ужо гадоў з дзесяць я займаюся
гісторыяй беларускай вёскі. Гісторыяй маёй роднай вёскі, што мяне асабліва
натхняе. Я ўжо напісаў кнігу і хачу працягваць працу ў гэтым кірунку. Гісторыя
нам вельмі блізкая. І калі гаварыць пра вёску, то вясковая культура Польшчы і
Беларусі вельмі-вельмі падобная. А паколькі ў сучаснага мясцовага насельніцтва і
Польшчы, і Беларусі продкі з сялян, на плячах якіх трымалася цывілізацыя і
польская, і беларуская, то, безумоўна, шмат агульнага і ў нашай гісторыі. Я
думаю, што такія даследаванні дапамогуць яшчэ раз гэта
пацвердзіць.
Свае даследаванні ў Польшчы Сяргей Токць
пачне ад новага навучальнага году. Ягоны папярэднік Язэп Янушкевіч мае для яго
некалькі практычных парадаў.
Я. Янушкевіч: Будучы яшчэ ў Горадні,
даведацца як мага больш пра месцы, куды ён пасля накіруецца. Сучаснаму пакаленню
прасцей, усё можна знайсці ў інтэрнэце. Я смяюся, што, седзячы ў сваім Ракаве, я
ўжо ведаў, што буду рабіць у Кракаве.
А ў Сяргея Токця наперадзе цікавая
навуковая вандроўка па прэстыжных польскіх універсітэтах: самым старэйшым
польскім ўніверсітэце – Ягелонскім у Кракаве, дзе навучаліся таксама і
беларускія выбітныя навукоўцы, у прыватнасці, Францыск Скарына. Таксама ў
Варшаўскім, Беластоцкім, Вроцлаўскім, ды Познаньскім універсітэце імя Адама
Міцкевіча.
Паводле “Польскага радыё для
замежжа”
|