Чаму спіс школьнай класікі абурыў Чаргінца?

Беларускіх пісьменнікаў ізноў падзялілі на “правільных” ды “няправільных”. Старшыня праўладнага Саюзу пісьменнікаў, старшыня камісіі па міжнародных справах ды нацыянальнай бяспецы Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Мікалай Чаргінец выказаў сваю заклапочанасць, што пералік сацыяльна-значнай літаратуры накіраваны на падрыў улады і сацыяльных падмуркаў дзяржавы.

“Форма, паводле якой мы вызначаем сацыяльна значную літаратуру, састарэла”, – заявіў Мікалай Чаргінец. Сацыяльна значная літаратура, гэта тая, што выдаецца з дапамогаю дзяржавы, трапляе ў школьныя бібліятэкі і г.д.

Па каментар Ганна Гарачка з’вярнулася да Аляксандра Фядуты.

Фядута: “Я паглядзеў спіс, што выклікаў абурэнне Чаргінца. Спіс слушны. Створаны прафесіяналамі. Там ёсць беларускія класікі: Андрэй Рымша, Мікола Гусоўскі, Ларыса Геніюш, Янка Брыль, Васіль Быкаў... А Чаргінца няма ў спісе. Зразумела чаму. У спісе або класікі, або пісьменнікі, што ёсць у школьнай праграме. Тэксты для школьнай праграмы павінны быць больш танныя і знаходзіцца ў школьнай бібліятэцы. У спісе няма шмат каго з тых, хто круціцца вакол Чаргінца. Але там ёсць Раіса Баравікова – вядомая дзеячка з “чаргінцоўскага” Саюзу пісьменнікаў. Ёсць і “афіцыйныя”, і “апазіцыйныя” пісьменнікі. Па поглядах, а не па творчасці. Бо я ня ведаю, як творчасць можа быць апазіцыйнай, апроч публіцыстыкі”.

Паводле словаў Чаргінца, група людзей, якія нэгатыўна ставяцца да дзяржавы і ўлады, прапанавала ўнесці ў лік сацыяльна-значнай літаратуры 6-ці або нават 8-томнік Ларысы Геніюш, “фашысцкага прыхвастня” (гэта словы Чаргінца) Арсенневай, і 7-томнік Законнікава, у якога і двух тамоў не набярэцца, калі не лічыць публікацый у апазіцыйнай прэсе, накіраваных на падрыў падмуркаў дзяржавы.

Намеснік старшыні грамадскай арганізацыі “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Міхась Скобла каментуе спіс.

Скобла: “Спіс займае 50 старонак. Там аўтары, пачынаючы з ХІ ст., і да сённяшняга часу. Вялікая выдавецкая праграма на доўгія гады. Праграму складалі яшчэ ў Інстытуце літаратуры АН Беларусі, які ўжо не існуе. Я не выключаю, што гэтая праграма спрычынілася да ліквідацыі Інстытуту. Праграма складзеная сумленна, уключаныя ўсе важныя творы без палітычнай аглядкі. Уключаная літаратура эміграцыі. 15-томнік Караткевіча... Выданне Барадуліна, Гілевіча – тых, каго і на гарматны стрэл не падпускаюць да дзяржаўных выдавецтваў”.

Спіс сацыяльна значнай літаратуры складалі спецыялісты з Інстытуту літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Работа вялася па замове Міністэрства інфармацыі. Паводле навукоўцаў, улічваліся толькі мастацкія вартасці твораў.

Паводле “Польскага радыё для замежжа”

‹‹ на галоўную | у архіў