У Полацку праходзіць фэст
беларускамоўных гуртоў "Ноч Ваўкалака"
У полацкім Палацы культуры 6 красавіка
ўпершыню праходзіць конкурс-фестываль беларускамоўных рок-гуртоў "Ноч
Ваўкалака".
Як паведаміла арганізатар фестывалю
паэтэса і бард Лера Сом, у конкурсным канцэрце бяруць удзел сем маладых
рок-калектываў з розных гарадоў Беларусі: "Алмазны фронт", "Восьмыдзень",
"Argentum" (Віцебск), "РоСтра" (Мінск), "Акропаль" (Смалявічы Мінскай вобласці),
"Да!Бл…" (пасёлак Нарач Мядзельскага раёна Мінскай вобласці) і "Denial of Life"
(Наваполацк Віцебскай вобласці).
У межах конкурсу будзе ўручана некалькі
прызоў — за найлепшае шоў, найлепшы тэкст песні і прыз глядацкіх сімпатый. Гурт,
які стане пераможцам, атрымае магчымасць бясплатна запісаць песню ў прафесійнай
студыі гуказапісу. У якасці гасцей у фестывалі возьмуць удзел гурты "Indra"
(Полацк), "Kripa" (Віцебск).
Пасля аб'яўлення прызёраў выступіць
хэдлайнер фестывалю — вядомы беларускі гурт "Neuro Dubel", які выканае свае
старыя хіты і кампазіцыі з апошняга альбома "Stasi".
Паводле БелаПАН
|