Барадуліна, Гілевіча, Бураўкіна, Арлова не магчыма знайсці ў спісах выдавецтва “Мастацкай літаратуры”

Сенатар і лідэр Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец сваім нядаўнім некарэктным выступам адносна беларускай літаратуры ды імкненнем змяніць спіс сацыяльна значных твораў, сам таго не жадаючы, звярнуў увагу грамадскасці на сітуацыю з айчынным кніжным рынкам. Каментуючы Рацыі выказванні свайго апанента, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч падкрэсліў, што вартасць пісьменніка як мастака слова і яго месца ў сучасным літаратурным працэсе павінен вызначаць чытацкі попыт.

З мэтаю вывучэння запатрабаванасці беларускай літаратуры і чытацкіх прыярытэтаў Рацыя завіталі ў выдавецтва “Мастацкая літаратура” ды ў сталічныя кніжныя крамы “Кнігарня пісьменніка” і “Светач”.

“Мастацкая літаратура” – манапаліст кніжнага рынку. Штогод яна выпускае каля сотні найменняў мастацкіх кніг, якімі забяспечвае ўсе бібліятэкі і дзяржаўныя кнігарні. Аднак у выдавецтва ёсць праблемы.

Як паведаміў яго галоўны рэдактар Віктар Шніп, на выдавецкім складзе, можна сказаць мёртвым грузам, ляжыць каля 1,5 мільярда кніг (больш за 250 назоваў), як сямі, пяцігадовай даўнасці, так і леташніх. Там і класічныя, і сучасныя творы, не запатрабаваныя бібліятэкамі ды кнігарнямі, а то і пакінутыя на волю лёсу сваімі аўтарамі. Дарэчы, што да апошніх, то калі нехта з іх надумаецца прынесці ў выдавецтва надрукаваць сваю новую кнігу, а на складзе пры гэтым ляжаць асобнікі папярэдняй, матэрыялы для выдання прымацца не будуць.

Але чаму так шмат незапатрабаваных кніг? Бібліятэкі замаўляюць у асноўным класіку і праграмныя творы, аднак па некалькі асобнікаў. Часцей за ўсё крамы таксама бяруць маленькімі партыямі і сочаць за чытацкім попытам. Калі кніга актыўна купляецца, замаўляюць яшчэ. І так у адносінах да любога выдавецтва ці аўтара.

Каго выдаюць? Г.Чарказяна, В. Кадзетаву, Н.Гальпяровіча, М.Пазнякова, М.Шабовіча, А Марціновіча, Л.Маракова, П.Васючэнку, С.Зуёнка.

Чые прозвішчы нельга знайсці ў выдавецкім спісе “Мастацкай літаратуры”, зацверджаным Міністэрствам інфармацыі? Р.Барадуліна, А.Разанава, Н.Гілевіча, Г.Бураўкіна, В.Іпатавай, У.Арлова. Але яны выдаюцца ў прыватных выдавецтвах, а кнігі і тых, і другіх стаяць побач на паліцах кнігарняў.

Чые кнігі найбольш запатрабаваныя? У “Светачы” ляжаць не купленымі як паэтычны зборнік М.Шабовіча, выдадзены ў “Мастацкай літаратуры”, так і двухтомнік выбранага Р.Барадуліна ад “Радыёлы-Плюс”. Абодва выданні 2006 году. У “Кнігарні пісьменніка” з 2005 году стаяць зборнікі А.Разанава, выдадзеныя І.Логвінавым, з 2003 – дэбютная кніга В.Вабішчэвіча ад “Мастацкай літаратуры” і з 1999 году выпушчаны ў гэтым жа выдавецтве зборнік І.Навуменкі.

Так у чым жа справа? Супрацоўніца “Светачы” Ганна адказала: “У нас найбольш купляюць расійскія жаночыя раманы і дэтэктывы. З беларускай добра разыходзіцца хіба што дзіцячая літаратура з серыі “Школьная бібліятэка” выдавецтва “Мастацкая літаратура” і казкі. Перад уступнай кампаніяй запатрабаваная даведачная літаратура для абітурыентаў. Астатняе можа стаяць на паліцах гадамі”.

Тое ж пацвердзілі і ў “Кнігарні пісьменніка”, дзе гандлярка Тамара яшчэ патлумачыла: “Сучасная беларуская літаратура як бы спецыфічная, яна карыстаецца попытам пэўнага кола зацікаўленых людзей, як прафесійная літаратура, прыкладам, па матэматыцы. А вось перакладную замежную літаратуру ці тыя ж жаночыя раманы купляюць многія”.

Як бы там ні было, у беларускай літаратуры павінны існаваць найбольш запатрабаваныя кнігі і найбольш папулярныя аўтары. Паводле сведчання супрацоўнікаў “Кнігарні пісьменніка”, асаблівым попытам карыстаецца кніга Вячаслава Кебіча “Искушение властью” (выдавецтва “Парадокс”), якая прадаецца ледзь не штодня па некалькі асобнікаў, і… зборнік з серыі “Жыццё знакамітых людзей” (“Мастацкая літаратура”) “Николай Чергинец. Личность. Время. Судьба”. І гэта, нягледзячы на даволі вялікія кошты выданняў – каля 15 даляраў. Вось дзе насамрэч парадокс ды іронія лёсу!

Паводле “Радыё Рацыя”

‹‹ на галоўную | у архіў