Леанід Маракоў стварыў сайт,
прысвечаны бальшавіцкім рэпрэсіям
Пачаў працу інтэрнет-сайт «Даведнiкi
пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя
i культурныя дзеячы Беларусi» — marakou.by.
У інтэрв’ю БелаПАН Л.Маракоў адзначыў, што на сайце размешчаны падрыхтаваныя
ім «даведнікі з біяграфіямі нашых продкаў — пакутнікаў, расcтраляных або
закатаваных у турмах НКВД, і тых нямногіх, што пакалечанымі вырваліся з
ленінска-сталінскіх канцлагераў». Гэта больш за 4 тыс. біяграфій настаўнікаў, 3
тыс. — каталіцкіх і праваслаўных святароў, 1,5 тыс. — медыцынскіх і ветэрынарных
работнікаў, звыш 1 тыс. — літаратараў і навукоўцаў, а таксама біяграфіі многіх
тысяч іншых дзеячаў культуры, грамадства і эканомікі Беларусі.
«У бліжэйшыя часы планую
пазнаёміць наведвальнікаў сайта з біяграфіямі 20 тыс. рэпрэсаваных беларускіх
інтэлігентаў — фактычна ўсёй інтэлектуальнай элітай крывавых 1920—1950-х гадоў»,
— сказаў Л.Маракоў. Паводле яго
слоў, сайт захоўвае «памяць пра нашых продкаў, якая з\’яўляецца падмуркам для
абароны будучыні Беларусі, яе свабоды і незалежнасці».
Як распавёў пісьменнік, з цягам часу на
сайце будзе гучаць знакаміты паланэз Міхала Клеафаса Агінскага «Развітанне з
Радзімай». Акрамя таго, праз месяц матэрыялы сайта будуць даступнымі у пошукавай
інтэрнет-сістэме «Google».
На сайце змешчаны наступныя раздзелы:
«Пра пiсьменнiка», «Бібліяграфія», «Даведнікі», «Прэса», «Рэцэнзii», «Гасцявая
кнiга» і «Пошта».
Паводле БелаПАН
|