Нацыянальны сцяг можа быць
прызнаны
Міністэрства культуры разглядае зварот
грамадскасці аб наданні бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай
гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пра гэта паведаміў у інтэрв’ю БелаПАН старшыня
грамадскага аб'яднання «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў
гісторыі і культуры» Антон Астаповіч. Такім чынам, зазначыў ён, на час разгляду
гэты сцяг знаходзіцца пад аховай дзяржавы.
З прапановай уключыць бел-чырвона-белы
сцяг у Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў
Рэспублікі Беларусь старшыня аб'яднання звярнуўся ў Мінкульт 26 лютага ў сувязі
з 90-годдзем абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
У адказе на адозву грамадскасці намеснік
міністра, старшыня Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады на
пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны Уладзімір Грыдзюшка паведаміў, што
прапанова таварыства «з мэтай атрымання дадатковых звестак» накіравана ў
Інстытут гісторыі і Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя
Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
У інтэрв’ю БелаПАН А. Астаповіч зазначыў,
што 31 сакавіка ён пісьмова звярнуўся ў вышэйназваныя акадэмічныя ўстановы з
прапановай уключыць прадстаўнікоў таварыства ў склад экспертных камісій, якія
будуць разглядаць адозву грамадскасці аб наданні бел-чырвона-беламу сцягу
статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Паводле яго слоў, на перыяд разгляду
прапановы бел-чырвона-белы сцяг ахоўваецца дзяржавай згодна з артыкулам 22
закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны».
Бел-чырвона-белы сцяг з 1991 па 1994 гады
быў адным з сімвалаў беларускай дзяржаўнасці, а бел-чырвона-белыя стужкі
з'яўляюцца элементамі сімволікі зарэгістраванага грамадскага аб'яднання
«Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» і Беларускага экзархату
Расейскай праваслаўнай царквы. Некалькі гадоў таму герб «Пагоня» быў уключаны ў
Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі
Беларусь.
Паводле БелаПАН
|