Юбілей БНР адсвяткавалі ў Лондане
(фота)
Беларусы Брытаніі адзначылі яго шэрагам
мерапрыемстваў.
28 сакавіка з нагоды 90-годдзя абвяшчэння
незалежнасці БНР адбыўся ўрачысты прыём ў прэстыжным лонданскім гатэлі “Мэрыёт”,
побач з брытанскім парламентам. Прыём быў зладжаны Згуртаваннем беларусаў у
Вялікай Брытаніі.
Ад імя ЗБВБ прысутных вітала яго старшыня
Алена Міхалюк. Прысутнічалі беларусы не толькі з Лондана, але і бліжэйшых
гарадоў. З вітальным словам да прысутных звярнуліся: старшыня Рады БНР Івонка
Сурвілла, былы амбасадар Брытаніі ў Мінску Браян Бэнэт, былы палітвязень Андрэй
Клімаў, паэт, сустаршыня Агульнанацыянальнага аргкамітэту па святкаванні
90-годдзя БНР Генадзь Бураўкін, старшыня Рады Згуртавання беларусаў свету
“Бацькаўшчына” Алена Макоўская, старшыня Англа-беларускага таварыства Джэймс
Дынглі. Вёў урачыстую імпрэзу сябра рады ЗБВБ Павел Шаўцоў. Агульным падарункам
для ўсіх стала прэзентацыя музычнага альбому “Дзень Волі – 90 год”, запісаны
Нінай Эванс і Сержуком Вінаградавым.
Як адзначыў прысутны на свяце айцец
Сяргей Стасевіч, “для беларусаў дыяспары дзень 25 Сакавіка – вялікае свята, як
нацыянальны дзень для іншых народаў, што жывуць у Брытаніі (напрыклад, як дзень
Святога Партыка для ірландцаў). І так было заўсёды. Вельмі шкада, што да сёння ў
Беларусі Дзень Волі не свята, а супрацьстаянне. Веру ў тое, што сітуацыя ў
хуткім часе зменіцца і на Радзіме”.
30 сакавіка беларусы сабраліся на
святочнае набажэнства ў Беларускім культурна-рэлігійным цэнтры. Набажэнства
скончылася малітвай за беларускі народ, прачытанай айцом Аляксандрам Надсанам,
паведаміла прэс-служба Згуртавання беларусаў свету
"Бацькаўшчына".
Пасля службы адбылася сустрэча з гасцямі
з Беларусі. Мікола Пачкаеў, намеснік старшыні ЗБВБ, прывітаў прысутных,
падкрэсліўшы вялікую ролю беларусаў замежжа ў захаванні ідэалаў 25 Сакавіка, а
таксама выказаў удзячнасць за працу тым у Беларусі, хто падзяляе гэтыя ідэалы.
Генадзь Бураўкін прачытаў новыя вершы, а таксама ўрывак з паэмы, прысвечанай
Францішку Багушэвічу. Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская распавялі пра дзейнасць
“ЗБС “Бацькаўшчына”. Захоплены вершамі Генадзя Бураўкіна, беларуска-цыганскі
паэт з Лондана Вальдэмар Калінін прачытаў свой твор, прысвечаны Беларусі, на
дзвюх мовах – беларускай і цыганскай.
Працягам Дзён БНР у Лондане будзе
сустрэча ў Беларускім доме, запланаваная на 1 красавіка.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС
“Бацькаўшчына”
|