Заўвагі адносна дзейнасці ў Нью-Ёрку “Беларускага Маладзёвага Руху”.

У студзені 2006 году на маладзёвым семінары, які прайшоў у Фундацыі Крэчэўскага, была адноўленая маладзёвая арганізацыя пры БАЗА, Згуртаванне Беларускае Моладзі ў Амерыцы (ЗБМА, Моладзь БАЗА). Праз некалькі тыдняў пасля гэтага ў Нью-Ёрку было заяўлена пра стварэнне Беларускага Моладзевага Руху Амерыкі. Здалося дзіўным, каб пасля адной маладзёвай арганізацыі тут-жа паўставала другая. Сп. Аляксандр Вінакураў, які прадстаўляўся старшынёй “Руху”, заяўляў, што ягоная арганізацыя віртуальная, скіраваная на дзейнасць у інтэрнэце. Арганізацыя рэальна складалася ўсяго з трох-чатырох чалавек, але імкнулася стварыць уяўленне пра сябе, як пра асноўную і найбольш дзейную структуру беларускай дыяспары ў ЗША. Заяўленай на створаным пазней сайце мэтай яе “з’яўляецца з’яднанне і падтрымка беларускай моладзі ў ЗША, а таксама стварэнне незалежнага беларускага інтэрнэта, спрыянне развіццю дэмакратыі і правоў чалавека на Беларусі, распаўсюджванне праўдзівай інфармацыі аб жыцці беларусаў свету” (стыль арыгіналу захаваны).

Аднак, насуперак заявам, “з’яднанне” вылілася ў несправакаваны канфлікт са Згуртаваннем Беларускай Моладзі ў Амерыцы (ЗБМА, Моладдзю БАЗА), а пазней і з Нью-Ёрскім аддзелам БАЗА. У адносінах да сябраў ЗБМА сп. Вінакураў дазваляў сабе пагрозы, у тым ліку абяцанні фізічнай расправы. На сходы БАЗА пры саборы св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне прыходзіла шмат моладзі. Прысутны на сходах сп. Вінакураў, карыстаючыся тым, што госці не заўсёды маглі разабрацца, дзе якая арганізацыя, запрашаў іх на свае імпрэзы, якія “Рух” ладзіў паралельна імпрэзам ЗБМА і БАЗА. Для правядзення сваіх пікетаў “Рух” без дазволу выкарыстоўваў сцягі і плакаты Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА. Калі кіраўніцтва аддзелу БАЗА запатрабавала на час сходу аддзелу 11 сакавіка 2007 г. прыбраць раскладзеныя сп. Вінакуравым улёткі, той стаў дэмагагічна заяўляць, што яго ўлёткі “хацелі выкінуць”. Ужываючы інтэнсіўную самарэкламу праз інтэрнэт і е-мэйл, “Рух” з некалькіх асобаў можа стварыць у недасведчанага наведвальніка ягоных сайтаў уражанне аб сабе, як самай масавай і ўплывовай беларускай структуры ў Нью-Ёрку. Тут сп. Вінакураву дарэчы прыйшоўся хаўрус з паасобнымі дзеячамі парафіяльнай рады сабору св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне.

Напачатку спроба супрацоўніцтва парафіяльнай рады і сп. Вінакурава была не зусім удалай. У абмен на стварэнне новага інтэрнэт-сайту для сабору і БАПЦ сп. Вінакураў запатрабаваў набыць у яго і ўсталяваць у саборы бюст Васіля Быкава. Бюст Быкава стварыў скульптар Алесь Шатэрнік, цесць сп. Вінакурава. Нягледзячы на павагу да вялікага беларускага пісьменніка, прапанова была адхіленая. Тады сп. Вінакураў заявіў, што тады ён анулюе сваю прапанову адносна стварэння сайту БАПЦ і заблакуе яго. На кароткі час ён так і зрабіў. Урэшце быў абвешчаны збор грошай на куплю бюста. Напачатку збору грашовых сродкаў сп. Вінакураў паставіў у пачатку спісу ахвярадаўцаў імя Зянона Пазняка, хоць, як высветлілася, гэта было зроблена бязь ведама самога сп. Пазняка. Пад паважанае імя сабраная была пэўная сума грошай, бюст выкуплены і ўсталяваны. Адносіны сп. Вінакурава і кіраўнікоў парафіяльнай рады наладзіліся. Ідуць размовы пра стварэнне мастацкага музею пры саборы, дырэктарам якога з’яўляецца сп. Вінакураў.

У гэты ж час сп. Вінакураў стаў дапамагаць сп. Зянону Пазняку ў справе стварэння асабістага сайту. Афіцыйны сайт сп. Пазняка быў створаны іншай асобай і ўжо працаваў. Але той чалавек у выніку канфлікту з сп. Вінакуравым быў адхілены ад працы на сайце, а ўжо створаны ім сайт быў пераняты, без спасылкі і ўзгадак стваральніка. Больш таго, сп. Вінакураў стаў заяўляць, што стваральнік сайту патрабаваў ад сп. Пазняка 1000 даляраў за працу, тады як на самой справе сайт быў зроблены бясплатна.

Мінулай восенню паўстала новая праблема — без папярэджання, не параіўшыся з Нью-Ёрскім аддзелам БАЗА, парафіяльная рада сабору св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне заявіла пра намер перадаць грамадскую залю сабору на час святкаваньня Новага году ў распараджэнне “Руху” сп. Вінакурава. Усе спробы нагадаць пра традыцыю правядзення святкаванняў пры саборы аддзелам БАЗА і просьбы дазволіць БАЗАўскую імпрэзу былі марныя. Перамовы, што прайшлі пасля гэтага, прывялі толькі да кампраміснага варыянту, без удзелу БАЗА як арганізацыі. У выніку БАЗА, старэйшая беларукая арганізацыя ў ЗША, была выціснутая з беларускага храму і адхіленая ад святкавання Новага 2008 году. Моладзь БАЗА была вымушаная, рэагуючы на такую непавагу і пагарду ў адносінах да Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА, правесці сваё асобнае святкаванне, якое, дарэчы, прайшло з вялікім поспехам.

Усё прыведзенае вышэй – толькі частка фактаў, якія сведчаць пра метадычную дэструкцыйную дзейнасць сп. Аляксандра Вінакурава сярод беларускай грамады Нью-Ёрку і ваколіц. Прызнаючы слушнасць мэтаў стварэння беларускамоўных асяродкаў у інтэрнэце і пажаданасць існавання ў Нью-Ёрку беларускага музею, гэтаксама як і важнасць абвешчаных “Рухам” сп. Вінакурава яднання і падтрымкі моладзі, захавання беларускай культуры і г. д., з сумам даводзіцца канстатаваць, што ў выніку дзеянняў сп. Вінакурава адбываецца адваротнае. Скандалы і сваркі, якімі ад пачатку адзначылася ягоная дзейнасць, падтрыманыя парафіяльнай радай сабору св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне, раз’ядноўваюць беларускую моладзь і ствараюць непатрэбную напружанасць у беларускай грамадзе Нью-Ёрку і ваколіц, робяць закалот, які не ідзе на карысць ні беларускай грамадзе, ні БАПЦ і БАЗА, ні самому “Беларускаму Моладзеваму Руху”, колькі б асобаў у яго не ўваходзіла. Да светлых мэтаў нельга наблізіцца, ужываючы несумленныя і аблудныя метады.

Віталь ЗАЙКА, старшыня Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА

Паводле газеты "Беларус"

‹‹ на галоўную | у архіў