Беларуская вясна у Кіеве зноў

З 22 сакавіка да 12 красавіка ў Кіеве будзе праходзіць фестываль сучаснай беларускай культуры «Беларуская вясна». Фестываль адбудзецца у другі раз, і сёлета будзе ўключаць вулічны перформанс, кінапаказы (у тым ліку прэм’ерныя), вечар беларускай флэш-анімацыі, выставу фотаздымкаў і СМІ Беларусі, круглы стол медыя-мэнэджэраў, канцэрт этна-гуртоў і ўкраінска-беларускую літаратурную вечарыну.

«Нягледзячы на тое, што беларусы ёсць найбольш роднасным да ўкраінцаў народам, нам амаль нічога не вядома пра беларускую культуру», — кажа каардынатар фестывалю Аляксандр Дземчанка.

Лагатыпам фестывалю стаў падводны човен колераў нацыянальнага сцягу Беларусі — белы, чырвоны й белы. Гэты вобраз пазычаны з песні гурту NRM, легенды беларускага року. Арганізатары надаюць яму асаблівае значэнне, бо «Беларуская вясна 2008» — гэта паглыбленне ў неспазнаныя глыбіні беларускай культуры, якая схаваная пад тоўстым слоем клішэ ды стэрэатыпаў.

Гасцямі фестывалю стануць кінарэжысёр Антось Цялежнікаў, сцэнарыст Аляксандр Качан, мультыплікатарка і прадусарка Вольга Кузьміч, этна-гурты “Джамбібум” і “Нагуаль”, а таксама беларускія пісьменнікі, журналісты і выдаўцы, сярод якіх Андрэй Хадановіч, Андрэй Скурко, Уладзімер Арлоў, Марыя Мартысевіч, Вера Бурлак і іншыя.

Паводле “Нашай Нівы”

‹‹ на галоўную | у архіў