Тэкст першай агульнанацыянальнай дыктоўкі

“Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй! Вам ахвяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, ды і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя “мужыцкай” завуць, а завецца яна “беларускай”.

Я сам калісь думаў, што мова наша – “мужыцкая” мова і толькі таго. З той пары я шмат дзе быў, шмат чаго бачыў і чытаў і пераканаўся, што мова наша ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо іншая якая. Чытаў я ці мала старых папераў па дзвесце, па трыста гадоў таму пісаных на нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі нашай мовай чысцюсенькай, як бы вось цяпер пісалася...

А, можа, і сапраўды наша мова такая, што ёю нічога добрага ні сказаць, ні напісаць не можна? Ой, не! Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам. І гаворым жа мы ёю шмат добрага, але так ужо мы самі пусцілі яе на здзек.

... Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову зойме, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носіць. От жа гаворка, язык і ёсць адзежа душы...

Можа, хто спытае: дзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, дзе наша мова жыве! ...

Паводле Францішка Багушэвіча

‹‹ на галоўную | у архіў