Лукашэнка рыхтуецца да вайны?

У аўторак Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытанні ўмацавання абароназдольнасці, правапарадку і бяспекі дзяржавы. Ці ня ўся прамова першай асобы дзяржавы была збудаваная знешняй небяспецы, якая хутка можа пагражаць нашай краіне.

Найперш Лукашэнка даў уласную ацэнку дыпламатычнаму скандалу між Беларуссю і ЗША.

«Адразу хачу сказаць, што для краіны гэта не забойства. Жылі мы да гэтага, цяпер жывём ва ўмовах іх так званых санкцый і жыць будзем».

Лукашэнка ўспомніў, што пры вывадзе з Беларусі ядзернай зброі ЗША абяцала абараняць незалежнасць нашай краіны, а таксама не прымяняць эканамічных ці нейкіх іншых санкцый. Таму кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што уводзячы санкцыі супраць «Белнафтахіму» ЗША паказалі «цынічнае стаўленне да міжнароднага права».

Кажучы пра пытанне ўсталявання ў Еўропе сістэмаў супрацьракетнай абароны Лукашэнка адзначыў: «Гэта падрывае стратэгічную стабільнасць. Бліжэйшым часам мы можам апынуцца ў новай, больш напружанай абстаноўцы ў свеце і вакол Беларусі, што патрабуе адэкватнага рэагавання з улікам нашых нацыянальных інтарэсаў».

На думку Лукашэнкі, сітуацыя з абвяшчэннем незалежнасці Косава прадэманстравала «двайныя стандарты многіх дзяржаў».

«З’явіўся фактычна яшчэ адзін гарачы пункт на мапе планеты. Сёння ў Косаве фактычна ідуць баі. Усё гэта вядзе да зменаў сучаснай архітэктуры еўрапейскай бяспекі», — падкрэсліў Лукашэнка.

Галоўнакамандуючага таксама хвалюе, што афіцэрскі склад больш гаворыць не пра абарону краіны, а пра свой інтарэс.

«Такіх афіцэраў я не разумею. Пацвярджаю, што кожны павінен жыць нармальна, але ні ў аднаго афіцэра гэта не павінна быць на першым плане».

Паводле “Нашай нівы”

‹‹ на галоўную | у архіў