«Чорная котка, белы кот» цяпер па-беларуску: галасамі Хаменкі і Кулінковіча
Героі аднаго з самых яркіх фільмаў Эміра Кустурыцы «Чорная котка, белы кот» цяпер будуць размаўляць галасамі Алега Хаменкі і Аляксандра Куллінковіча.
Скончваецца праца над беларускім агучваннем стужкі балканскага рэжысёра. Розніцца ад ранейшых падобных праектаў гэты будзе найперш поўнай легальнасцю. Завадатары праекту кажуць, што на «агучку» была атрыманая ліцэнзія і прадавацца дыскі з «Чорнай коткай…» будуць у беларускіх крамах цалкам афіцыйна пад беларускай вокладкай.
Творчая суполка пад назвай «Дзівоцтвы і памароцтвы» ўжо мае ў сваім каталогу некалькі фільмаў, перакладзеных на беларускую мову. Але кіраўнік суполкі Алесь Квіткевіч лічыць менавіта «Чорную котку…» Кустурыцы этапнай працай:
Ужо вырашана галоўнае пытанне — аўтарскіх правоў. У тэхнічным сэнсе таксама адбыўся істотны зрух — мы знайшлі якаснага гукарэжысёра, які можа даць нам фінальны прадукт такі, які мы жадаем. З усімі атрыбутамі і гукам 5.1”.
Над беларускай «агучкай» фільма Кустурыцы працуе з дзесятак людзей. Пераклад рабіў выпускнік філфаку Віталь Зыблюк, тэкст рэдагаваў паэт Андрэй Хадановіч, а ролі агучвалі вядомыя беларускія музыкі і акцёры. Пры гэтым бюджэт праекту — нулявы, кажа Алесь Квіткевіч: “Збольшага праца дарагая ў сэнсе часу, бо вымагае шмат высілкаў. Калі казаць пра фінансавы бок, бо бюджэт «агучкі» «Чорнай коткі» - 0 рублёў.
Лідэр гурта «Палац» Алег Хаменка пагадзіўся агучыць ролю цыганскага барона з фільма Кустурыцы абсалютна бясплатна. І вось чаму: “Гэта знакавы фільм, і працу над ім можна лічыць нейкай данінай павагі таленту Кустурыцы як рэжысёра і музыканта. Па?другое, я ўпэўніўся, што гэта будзе не пірацкі варыянт і ўся праца робіцца дзеля таго, каб беларускі варыянт фільма трапіў на паліцу крамаў”.
Для другога «барона» — лідэра гурту “Neuro Dubel” Аляксандра Кулінковіча — гэта быў першы досвед «агучкі» ролі ў мастацкім кіно, і ён нават мае намер працягнуць такую акцёрскую кар’еру: “Мне вельмі спадабалася, і я бы з задавальненнем працягнуў. Лічу, што падышоў да задачы прафесійна, але ўпэўнены, што такія праекты трэба рабіць на больш буйным узроўні. Мне не спадабаўся «Шрэк» па-беларуску. Мне, рускамоўнаму чалавеку, падалося, што шмат згубілася праз пераклад. Фільмы ж Кустурыцы вельмі блізкія нам па духу і па сутнасці.
Хаменка і Кулінковіч агучылі ролі двух сваякоў-баронаў з крымінальным мінулым, якія нібы памерлі, а потым ачунялі, каб паставіць усё на свае месцы.
«Чорная котка, белы кот» станецца першым замежным фільмам, агучаным па-беларуску, які будзе прадавацца ў крамах. Творчая суполка «Дзівоцтвы і памароцтвы» мяркуе запусціць у продаж пакуль наклад у паўтысячы DVD, каб прасачыць якім будзе попыт. Тым часам, ужо друкуецца наклад мультфільма «Тарзан», таксама агучанага на беларускую мову, а акцёры Тэатра юнага гледача агучаць мультфільм кампаніі «Уолт Дыснэй» — «Самаходзікі».
Паводле “Радыё Рацыя”
|