Памёр прадстаўнік беларускай дыяспары Санкт-Пецярбурга, ваенны журналіст і пісьменнік Аркадзь Пінчук
Аркадзь Пінчук нарадзіўся 11 студзеня 1930 года ў Васілевічах Гомельскай вобласці, хлопчыкам перажыў сталінскія рэпрэсіі і вайну, пасля вызвалення Беларусі паступіў у пяхотнае вучылішча, а ў 1984 года палкоўнікам звольніўся ў запас. Шлях у журналістыку пачаўся з допісаў, якія ён напісаў будучы камандзірам кулямётнага ўзвода, і ўласных аматарскіх фатаграфій. Актыўнасць і прынцыповасць палкавога ваенкора прывялі да таго, што камандаванне накіравала яго вучыцца на курсы журналістыкі ў Львоўскае ваенна-палітычнае вучылішча. Пасля працаваў у газеце Прыкарпацкай ваеннай акругі, пераход у агульнавайсковую газету “Чырвоная зорка” быў адзнакай кар’ернага росту. Усе жыццёвыя дасягненні Аркадзя Пінчука вынікалі з яго сялянскай цягавітасці. Ён быў сапраўдны газетны, а пазней і літаратурны працаўнік, які жыў па прынцыпе «ні дня без радка!». А працаваў ён найперш для людзей у пагонах; добра разумеў і любіў тых, для каго армія стала справай усяго жыцця.
Калі служыў у Беларусі, у 1969 годзе стаў сябрам Саюза пісьменнікаў — рэкамендацыі далі Анатоль Дзялендзік і Андрэй Макаёнак. Тады ж, пры падтрымцы Івана Шамякіна ў Мінску на беларускай мове выйшла кніга «Многа-мала», была пастаўлена аднайменная радыё п’еса на беларускім радыё. У 1977 г. служба занесла Аркадзя Пінчука начальнікам карпункта армейскай газеты ў Ленінградзе. Так тут і застаўся, хоць штогод наведваў Беларусь — наязджаў да сястры ў Васілевічы. У 1990-я Аркадзь Пінчук стварыў міжнародную асацыяцыю пісьменнікаў баталістаў і марыністаў Пецярбурга (увайшлі 86 чалавек), арганізаваў выданне серыі «Не дзеля славы», ладзіў канферэнцыі ў гонар вядомых военачальнікаў. 11 студзеня 2005 пісьменнік адзначыў 75-годдзе, перад юбілеем выйшла яго займальная аўтабіяграфічная кніга «Белы бусел ляціць». Атрымаў некалькі літаратурных узнагарод, у тым ліку ў 2006 годзе Дзяржаўную прэмію Расіі імя Г. К. Жукава. У 2005 ён стаў лаўрэатам самага прэстыжнага ў Санкт-Пецярбургу прафесійнага конкурсу журналістаў «Залатое пяро».
Памёр Аркадзь Пінчук 11 сакавіка 2008 году і пахаваны на сямейнай дзялянцы на Сестрарэцкіх могілках. Побач – пустая магіла з капсулай зямлі з брацкіх могілак у Волагдзе, дзе быў расстраляны падчас сталінскіх рэпрэсій бацька, побач – магіла маці, якую ён прывёз з вёскі Васілевічы і даглядаў, пакуль яна ў 102 гады не пакінула гэты свет… Да апошняга дня ён захоўваў востры розум, вобразнасць мыслення і бойкае пяро. Пранікнёна выступаў у 2007 годзе на сходзе беларусаў Пецярбурга ў «Ленспецсму» – заклікаў землякоў да памяркоўнасці.
Пісаў ад душы, з талентам, пра які кажуць, што гэта ад Бога.
Сяргей Марцінкевіч
Мікола Нікалаеў
|