Адкрылася беларуская нядзельная школка ў Нью-Ёрку

У царкоўна-грамадзкай залі кафедральнага сабору св. Кірылы Тураўскага, што размешчаны па адрасу 401 Atlantic Avenue, Brooklyn, NY 11217, распачала 2-га сакавіка сваю працу беларуская нядзельная школа для дзетак. Вельмі доўга бацькі і іхныя дзеткі марылі пра такую школу, і вось, нарэшце, іхняя мара здзейснілася! Асноўныя мэты заняткаў у школцы – у цікавай і даступнай форме пазнаёміць дзетак са Словам Божым і паглыбляць веданне роднай мовы. Заняткі будуць уключаць гісторыі з дзіцячай Бібліі, спевы, маляванне, выцінанне альбо майстраванне. Плануецца праводзіць такія заняткі двойчы на месяц па нядзелях падчас набажэнстваў з 10 да 12 гадзіны. Спадзяемся, што гэта дазволіць бацькам, якія маюць дзетак, далучацца да набажэнстваў, а іхным дзецям – вучыць Слова Божае і родную мову, карысна і цікава праводзіць гэтыя дзве гадзіны, а таксама пазнаёміцца і пагуляць з іншымі беларускамоўнымі дзецьмі.

На першых занятках прысутнічала восем дзетак дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Першая тэма – стварэнне свету. Дзеці спявалі, слухалі адпаведную гісторыю з дзіцячай Бібліі, малявалі, паглядзелі і паслухалі пару цікавых кніжак з малюнкамі і нават паспрабавалі зрабіць выраб з паперы і аднаразовых талерак – краба-скрыпача. Спадзяемся ўжо з наступнага разу напрыканцы заняткаў паказваць дзецям мультфільм альбо дыяфільм па-беларуску (пераклады робяцца намаганнямі саміх бацькоў), а таксама пачаць развучваць беларускія гульні. Хочацца зрабіць усё магчымае, каб нашым дзеткам было цікава, весела і карысна.

У арганізатараў штораз з’яўляюцца новыя ідэі. Зараз мы абмяркоўваем ідэю пасля кожных заняткаў размяшчаць тэксты ўрокаў з малюнкамі, пытаннямі, тэкстамі спеваў і музыкай на сеціве. Наколькі мы ведаем, у інтэрнэце яшчэ не існуе такой беларускай нядзельнай школкі, ды і ў самой Беларусі ня так шмат беларускамоўных нядзельных школак. Лічым, што ў цяперашніх умовах гэта будзе вельмі актуальна і карысна. Гэта зможа дапамагчы беларускамоўным бацькам у выхаванні сваіх дзетак па ўсім свеце.

Калі ласка, паведаміце пра нашую школу ўсім сваім знаёмым, дапамажыце распаўсюдзіць вестку пра яе, каб людзі ведалі і далучаліся.

Шчыра запрашаем усіх дзетак прыходзіць да нас!

Па інфармацыю і з пытаннямі тэлефануйце Галіне Падлескай па нумару: (914) 779-4342.

Галіна ПАДЛЕСКАЯ

Паводле газеты “Беларус” (сакавік, 2008)

‹‹ на галоўную | у архіў