Выстава нясвіжца Зміцера Башка ў Чыкага

У Чыкага ў цэнтры для эмігрантаў старэйшага веку “Forever Young” адбылася выстава вельмі цікавага беларускага мастака Зміцера Башка, які вось ужо 14 гадоў жыве і працуе ў Амерыцы. Ён нарадзіўся ў Салтанаўшчыне каля старажытнага Нясвіжа. Па ягоным уласным прызнанні, ён ужо ў дзяцінстве аблазіў і даследаваў падмуркі ўсіх навакольных замкаў і храмаў, прычым вельмі падрабязна і дасканала. Асаблівы каларыт і містыка Нясвіжы і ягонага наваколля будуць потым прысутнічаць ува многіх жывапісных працах Зцімера. Як і вобразы Наваградчыны, адкуль родам бацька Зміцера Башка. Ён – святар, якога амаль кожныя чатыры гады пераводзілі на працу ў другі прыход, і сям’я пераяжджала разам з ім.

Маляваць хлапец пачаў вельмі рана, але бацькі хацелі, каб ён стаў музыкам. Яго аддалі вучыцца ў Нясвіжскую музычную школу, потым ён займаўся ў Маладзечанскай мастакоўскай студыі. У Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут з першага заходу не прынялі. Забралі ў войска, давялося служыць спачатку ў Чыце ў вучэбцы, потым у спецыяльным танкавым палку ў Манголіі, дзе тры роты з чатырох былі беларускія. Пасля вайсковай службы яго прынялі ў тэатральна-мастацкі інстытут, дзе адразу заўважылі ягоны талент. Ужо на першым курсе ён атрымаў першую прэмію за свой плакат, створаны па матывах жыцця і творчасці Янкі Купалы. У той час Зміцер Башко сустрэўся з вядомым рэстаўратарам Ракіцкім, які працаваў над помнікамі архітэктуры Полацка, і той паказаў яму сапраўдныя роспісы, створаныя ў часы Ефрасінні Полацкай і ў пазнейшыя часы, паказаў, як яны ўзаемадзейнічаюць, перагукаюцца між сабою. Усё гэта зрабіла вельмі моцны ўплыў на далейшую творчасць маладога мастака.

Потым Зміцера Башко паехаў вучыцца ў Маскоўскую духоўную семінарыю і ў славутую Школу іканапісу ў Загорску. Навучанне там вельмі моцна паўплывала на тэматыку і стылістыку ягонага жывапісу. Ён стварае многа жывапісных карцінаў і графічных прац, актыўна ўдзельнічае ў мастакоўскім жыцці. Прымае ўдзел у розных выставах, многія ягоныя творы захоўваюцца ў прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, Нямеччыне, Злучаных Штатах. У 1994 годзе мастак з сям’ёю прымае рашэнне пераехаць у Амерыку: трэба было лячыць дачку, якая сур’ёзна захварэла пасля Чарнобылю. У Чыкага Зміцера быў святаром у беларускай праваслаўнай царкве святога Юр’я, закончыў каледж, атрымаў спецыяльнасць графіка-дызайнера. Зараз працуе ў адной з дызайнерскіх кампаніяў. Увесь вольны час прысвячае жывапісу. Ягоныя творы выстаўляліся ў Чыкага на калектыўных экспазіцыях, у тым ліку і на памятнай выставе мастакоў з Беларусі “Зямля пад белымі крыламі”.

У многіх працах мастака апошняга часу прысутнічае сімволіка і вобразнасць, навеяныя роднай Беларуссю. “Крывавая зямля” – так называецца карціна, дзе на пярэднім узроўні – каменні ля полацкага храму і каменныя ансамблі, якія засталіся на беларускай зямлі пасля разбурэння гістарычных помнікаў падчас шматлікіх войнаў. Блізкая тэма і тая ж крывавая зямля і на палатне “Начное лета”. Бачыцца пэўная тэматычная сувязь з гэтым адчуваннем аўтара і ў складанай па задуме карціне-загадцы “Чацвёрты ідал”. Мастак тлумачыць, што ў свядомасці кожнага з нас з нараджэння існуюць нейкія ідалы, якія не даюць успрымаць многае ў сусвеце як трэба, як гэта ёсць на самой справе... Своеасаблівы аўтабіяграфічны сімвал-вобраз чытаецца ў адной з апошніх карцін “Птушка”. Аўтар нібы падкрэслівае, што птушка, якая ў цэнтры кампазіцыі, прыляцела, як і ён, менавіта з Беларусі сюды, у Амерыку. А на радзіму вяртае правая частка кампазіцыі – так званая “Слуцкая брама”, якая помніцца многім, якая і сёння сустракае ўсіх, хто прыязджае ў Нясвіж, вядомы сваёй гісторыяй, сваімі замкамі і храмамі. На заднім фоне кампазіцыі – сілуэты іншых гістарычных помнікаў гэтага гораду. А там, куды прыляцела гэтая птушка, чытаюцца абрысы Сіэрс-таўера ў Чыкага. Зноў-такі злучае ўсё гэта крывавая беларуская зямля, выпісаная мастаком вельмі сакавіта і эмацыйна.

Шмат якія працы Зміцера Башка аб’ядноўваюць тэмы старадаўняй гісторыі, біблейскія і міфалагічныя вобразы. Мастак піша ў рознай тэхніцы – яечнай тэмперай, алеем, у апошні час пераважна акрылікам. Яечнай тэмперай, напрыклад, напісаная сімвалічная карціна “Вайна”, дзе мы бачым узброенага конніка ў цяжкіх абарончых латах, які сядзіць на вялізным гіпербалічным кані. У гэтай працы, створанай яшчэ да падзей 11 верасня, чытаецца прадчуванне будучай трагедыі. Не выпадковыя тут, на зямлі, што гарыць, і абрысы амерыканскіх будынкаў-вежаў.

Піша мастак і ў жанры нацюрморту, але і ў гэтых працах чытаюцца ўласцівыя аўтару інтанацыі, эмацыйныя і каларыстычныя матывы. Сімволіка “Грэцкай вазы” – павага да гісторыі, да старадаўніх легендаў. Кантрастнымі колерамі прыцягвае ўвагу карціна “Папараць-кветка”; экспрэсіяй, своеасаблівым перагукам чырвонага, сіняга, зялёнага, жоўтага колераў – карціна “Ноч. Месяц.” Цікавая каларыстычная загадка і ў працах “Усяночная”, “Індзейскі танец” і іншых.

...Карціна “Муза” сустракае нас дапытлівым і прыветлівым паглядам жаночага персанажу. Жанчына нібы пытаецца: “Я вось такая, а хто вы?” Сімволіка працы – паэтычны пачатак і ў вобразе самой Музы, і ў распрацоўцы фону, усяго, што вакол жаночага партрэту, у загадкавых каляровых злучэннях і пераходах. А каля карціны “Альтыст” мы чуем гукі музыкі: так натхнёна і выразна напісаў мастак партрэт свайго сябра-музыкі. Персанаж паказаны ня ў час канцэрту, а ў сябе дома, ён падкрэслена іграе дзеля сябе. Адсюль і такая сімвалічная рама, якая абрамляе ўсю кампазіцыю. А вось напісаны сангінай “Партрэт старога” прыцягвае на дзіва падрабязнай перадачай усіх характэрных рысаў твару персанажу, які з асаблівым настроем сур’ёзнасці аналізуе ўсё навакол з вышыні сваіх гадоў. І тут, несумненна, ёсць свая загадка...

Мы спыніліся толькі на некаторых працах Зміцера Башка, якія экспануюцца на гэтай выставе. Кожная з іх прымушае падоўгу пастаяць каля яе, пільна паўзірацца, задумацца, убачыць многія цікавыя выяўленчыя дэталі за асноўнымі рысамі кампазіцыі. Павіншуем таленавітага мастака з гэтай цікавай выставай і пажадаем яму новых творчых поспехаў.

Ванкарэм Нікіфаровіч

Паводле газеты “Беларус” (сакавік, 2008)

‹‹ на галоўную | у архіў