Мілінкевіч сустрэўся з прэм’ер-міністрам Польшчы

Палітыкі абмеркавалі праблемы грамадскай супольнасці ў Беларусі, пытанні, звязаныя з увядзеннем “карты паляка” і перспектывы далучэння Беларусі да Еўрапейскай палітыкі добрасуседства.

Мілінкевіч акцэнтаваў увагу суразмоўцы на неабходнасць прасоўвання еўрапейскіх каштоўнасцяў у Беларусі і магчымасці падтрымкі гэтай палітыкі з боку Польшчы. На думку Мілінкевіча, заходнія суседзі могуць паспрыяць пашырэнню магчымасцяў для беларускай моладзі па атрымання еўрапейскай адукацыі. Абмяркоўваліся праграмы дапамогі пацярпелым ад палітычных рэпрэсій, шляхі падтрымкі незалежных беларускіх СМІ. У гутарцы з кіраўніком урада Польшчы Мілінкевіч закрануў праблему палітычных вязняў у Беларусі.

Падчас размовы таксама ўздымалася істотнае для беларусаў пытанне кошту шэнгенскіх візаў і спрашчэння працэдураў па іхным атрыманні. Апроч гэтага, вялася гаворка пра магчымасці польска-беларускага супрацоўніцтва ў сферы малога і сярэдняга бізнесу, а таксама пра развіццё транспамежных кантактаў і турызму. Сустрэча была публічнай. Яна адбывалася ў канцылярыі прэм'ер-міністра. На ёй прысутнічала больш за 30 журналістаў.

Паводле сайта А. Мілінкевіча

‹‹ на галоўную | у архіў