У Мінску адбылася прэзентацыя кнігі Івонкі Сурвіллы «Дарога»
У сядзібе Партыі БНФ адбылася прэзентацыя кнігі ўспамінаў старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы “Дарога. Стаўбцы. Капенгаген. Парыж. Мадрыд. Атава. Менск”
У залі сядзібы БНФ не было вольных месцаў – сабралася каля 200 чалавек. Кніжку Івонкі Сурвіллы можна было атрымаць адразу на ўваходзе.
На жаль, у прэзентацыі кнігі не брала ўдзелу аўтарка: у інтэрв’ю Свабодзе яна распавяла, што вельмі хацела б быць разам з удзельнікамі, але амбасадар Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў прапанаваў напісаць ліст Аляксандру Лукашэнку, каб яе ўпусцілі ў краіну. Спадарыня Сурвілла сказала, што абсалютна не гатовая напісаць такі ліст, а па-другое, яна лічыць ненармальным ехаць у Беларусь, калі яна змагаецца супраць цяперашняга рэжыму.
Кніга "Дарога. Стаўбцы. Капенгаген. Парыж. Мадрыд. Атава. Менск” выйшла ў серыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагоддзе”. Вёў вечарыну заснавальнік і каардынатар серыі Аляксандр Лукашук. На прэзентацыі сваімі ўражаннямі пра кнігу дзяліліся дзеячы культуры – сярод іншых пісьменнік Уладзімер Арлоў, гісторык Захар Шыбека. Наведвальнікі слухалі ўрыўкі з кнігі, якія Івонка Сурвіла чытала на хвалях Радыё Свабода.
Адна з удзельніц прэзентацыі, старшыня Рады Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" Алена Макоўская, сказала ў інтэрв’ю Свабодзе:
"Гэтая кніга мае вялікае значэнне, бо гэта ўспаміны дзейнага старшыні Рады БНР. Але найбольш мяне ўразіла тое, што Івонка Сурвілла ў кнізе адкрываецца ня толькі як грамадскі дзеяч, як палітык, але і як чалавек, як жанчына са сваімі пачуццямі, са сваімі перажываннямі, як дачка і маці, як жонка, якая кахае свайго мужа і разам з ім працуе. Гэта ўспаміны вельмі глыбокага чалавека, чалавека з вельмі далікатным унутраным светам. Гэтыя ўспаміны таксама адкрываюць некаторыя старонкі жыцця беларускай эміграцыі, якія да гэтага часу былі закрытыя – напрыклад жыццё беларускай эміграцыі ў Даніі ці Гішпаніі на тыя часы".
Старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі сказаў сёння на прэзентацыі, што сустракаўся з Івонкай Сурвіллай у Страсбургу, дзе праходзіў тыдзень Беларусі, прысвечаны святкаванню 90-годдзя БНР, і, відаць, адзіны з прысутных у залі мае кнігу "Дарога" з яе аўтографам.
Паводле “Радыё Свабода”
|