У Мінску знішчаны помнік ХІХ стагоддзя
13 сакавіка знішчаны яшчэ адзін аўтэнтычны помнік Гістарычнага цэнтру Мінску, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь – жылы будынак XIX стагоддзя па вул. Койданаўская (цяпер Рэвалюцыйная), 17.
Гэты будынак з’яўляўся выдатным прыкладам перыметральнай вулічнай забудовы гістарычнага квартала старога Мінску, унесены не толькі ў акадэмічнае выданне “Помнікі архітэктуры Мінска XVII – пачатку XX ст.” 1984 года, ці ў складзе гістарычнага квартала, які прымыкае да Верхняга Горада (пратакол НМР №64 ад 27 сакавіка 2001), але і адрасна, пратаколам №107 навукова-метадычнай рады Мінкультуры ад 29 сакавіка 2005 г. ў пералік аб’ектаў Дзяржаўнага спісу сталіцы.
Спецыяльным Рашэннем Мінгарвыканкама ад 4 жніўня 2005 г. №1360 у выкананне пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 кастрычніка 2004 г. №1271 “Аб зацвярджэнні комплекснай праграмы рэканструкцыі, рэстаўрацыі, аднаўлення і добраўпарадкавання Гістарычнага цэнтра г.Мінска”, гэты будынак быў зацверджаны і ў складзе мінгарвыканкамаўскага спіса будынкаў і збудаванняў, якія з’яўляюцца аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны ў межах Гістарычнага цэнтру Менска.
З 2004 па 2007 год на гэтым аб’екце агульнай плошчы 392 кв.м. вяліся аднаўленчыя работы: быў адрамантаваны дах, цалкам замененая сталярка, праведзеныя рамонтныя работы. Урэшце ня так даўно быў неўзабаве прыбраны плот і бетонныя блокі, якія некалькі год абгароджвалі пляцоўку.
І вось... Няўжо адміністрацыя гатовая ўзяць на сябе адказнасць за гэтае злачынства?
Вайна супраць гісторыі краіны і парушэнне ўласнага заканадаўства працягваюцца...
Паводле сайта “Спадчына”
|