Інтэрв’ю Івонкі Сурвіллы “Радыё Свабодзе”
Госця ранішняга эфіру “Свабоды” – старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла. 17 сакавіка а 18 гадзіне ў сядзібе Партыі БНФ адбудзецца прэзентацыя яе кнігі ўспамінаў “Дарога”.
Ганна Соўсь: “Спадарыня Івонка, па-першае, віншую з кнігай. Ведаеце, калі чытала, увесь час адчувалася нейкая ўнутраная сувязь з кнігай успамінаў Ларысы Геніюш “Споведзь”. Нягледзячы на рознасць лёсаў, адчувалася нешта агульнае ў стылі, светапоглядзе, жыццёвай пазіцыі...”
Івонка Сурвілла: “Вельмі цешуся, што Вы так адчулі...”
Соўсь: “У Вас не было такога адчування, калі пісалі гэтыя ўспаміны?”
Сурвілла: “Не, я пісала тое, што было на сэрцы. Я пісала на розныя тэмы. Калі пачынала пісаць, дык пісала папросту пра тое, што адчувала, амаль не папраўляючы. Так што я ня ведаю, з чым можна параўнаць гэта. Я ж не пісьменніца, так што не адважваюся параўноўвацца з Ларысай Геніюш”.
Соўсь: “Спадарыня Івонка, а чым адрозніваюцца ўспаміны, падрыхтаваныя для Радыё Свабода, ад кніжнага варыянту? Што было дададзена ці істотна зменена?”
Сурвілла: “З таго, што я давала на Радыё Свабода, фактычна мала што змяніла, а дадала ўсё тое, на што не было месца ў эфіры. Напрыклад, пра маю сям'ю, пра наш род, пра мастацтва, мае розныя разважанні на тэму Беларусі: гэта раздзел "Каменні на нашым шляху". Я гэта дадала, бо моцна хацела на гэтую тэму сказаць".
Соўсь: “А мне вось хацелася, каб у кнізе было болей Вашых карцінаў...”
Сурвілла: “Гэта ня я выбірала карціны, і ня я выбірала здымкі. Гэта выбіралі рэдактары. Але я думаю, што яны вельмі добра выбралі”.
Соўсь: “Вы пішаце ў “Дарозе”, што ня любіце затрымлівацца на дрэнных успамінах, у выніку чаго можа стварыцца памылковае ўражанне пра бесклапотнасць і лёгкасць перажытага. А ўвогуле Вы трымаеце ў памяці дрэннае, злое? Здольныя на помсту?”
Сурвілла: “Я не трымаю дрэннае ў памяці. Калі маю нешта такое ў памяці, што мяне моцна турбуе, дык стараюся, як кажуць, адкласці на палічку, на пазней, і тады стараюся забыцца. Фактычна маю шчасце, што не перажываю... Канечне, перажываю, калі нешта моцна баліць, але ёсць столькі рэчаў, якія важнейшыя на гэты момант, і хочацца паправіць тое, што ня так. І паколькі я шмат працую, каб нешта змянілася ў Беларусі, дык я, натуральна, гэтым займаюся больш, чым маленькімі прыкрасцямі, якія ў жыцці здараюцца”.
Соўсь: “Вы ўжо маеце першыя асобнікі кнігі, яе ўжо многія людзі прачыталі. Які водгук на Вашу кнігу быў для Вас нечаканым?”
Сурвілла: “Па-першае, прадмова: вельмі прыгожая прадмова Аляксандра Лукашука мне вельмі спадабалася. Выбар здымкаў быў вельмі цікавы. Бо я фактычна адчыніла ўсе мае альбомы. Сяргей Навумчык, які шукаў і выбіраў здымкі, паехаў у хату маіх бацькоў, дзе жыве мой брат, і таксама, я думаю, што пераглядзеў усе здымкі, што там былі. Так што было вельмі цікава пабачыць, што ён выбярэ. Мне вельмі спадабаўся выгляд кнігі. Яна адначасна сціплая і вельмі прыгожая. Мне здаецца, гэта не я рабіла. Гэта ёсць заслуга мастакоў і рэдактараў”.
Соўсь: “А што да водгукаў...”
Сурвілла: “Мяне здзівіла, што Алегу Дашкевічу падалося, што там мала эмоцый. Мне падавалася, што я гэта пісала сапраўды ад сэрца. Дык ня ведаю – магчыма, я і ёсць мала эмацыйная. З другога боку пісала, безумоўна, з эмоцыямі некаторыя моманты, якія застаюцца заўсёды ў жыцці. Тое, што перажыта ў дзяцінстве падчас вайны, стаіць перад вачыма. І гэта, між іншым, было найцяжэй пісаць. Гэта пісалася вельмі кароткімі кавалачкамі, і кожны кавалачак папросту пакідаў мяне абсалютна змучанаю. Гэта вельмі цяжка было, і магчыма таму я не люблю гэта прыпамінаць. Але ў выпадку ўспамінаў, я лічу, што без гэтага не было б зразумелае маё жыццё"
Соўсь: “Я, як чытачка, адчула гэтыя эмоцыі... Спадарыня Івонка, а чаму Вы не прыяжджаеце ў Беларусь? Вось, напрыклад, цяпер – на 90-ыя ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі?”
Сурвілла: “Так страшэнна хацелася б. Але ведаеце, я некалі пра гэта гаварыла з амбасадарам Хвастовым, ці я магла б паехаць у Беларусь? Ён тады сказаў: "Безумоўна, калі напішаце ліст да Лукашэнкі і папросіце, то Вас пусцяць”. Я абсалютна не гатовая пісаць ліст да Лукашэнкі і прасіць, каб ён мяне пусціў у Беларусь. З другога боку, я не ведаю, ці сапраўды пусцілі б. Па-другое, я лічу ненармальным, каб я цяпер ехала ў Беларусь, калі я змагаюся супраць цяперашняга рэжыму. Мне так здаецца”.
Соўсь: “А Вы маглі б настала вярнуцца ў Беларусь?”
Сурвілла: “Абсалютна. Калі можна было б, то абсалютна. Ці Вы заўважылі, з якім шчасцем я пісала пра маё падарожжа ў Беларусь у 1992 годзе? Гэта было нешта надзвычайнае. Толькі 12 дзён там прабыла і маю ўражанне, што ўсё пабачыла, што ўсё перажыла, спаткала столькі цудоўных людзей. Я б у Беларусі хадзіла ад вёсачкі да вёсачкі, як той Дзед Мароз і дапамагала б тым, хто мае ў гэтым патрэбу...”
Соўсь: “Я памятаю 2002 год, калі ішло змаганне за Курапаты, і Вы перадавалі абаронцам Курапатаў грошы на харчаванне, памятаю, як яны былі Вам удзячныя. Хацела б правесці невялічкую паралель. Адна з кнігаў з "Бібліятэкі Свабоды" называецца "Дарога праз Курапаты", артыкул Зянона Пазняка пра Курапаты называўся "Курапаты. Дарога смерці" . І цяпер у Вас "Дарога". Нейкая повязь была, калі Вы думалі пра назву?”
Сурвілла: “Мне падабалася, што гэта Дарога, таксама доўгая дарога дадому, як у Быкава, спачатку я называла доўгая дарога на Захад. Гэта ўсё звязана з маім жыццём з усіх пунктаў гледжання. І шмат падарожжаў па свеце было, і гэтая дарога да хаты такая важная была. Так хочацца яе прайсці...”
Соўсь: “Сёння ўвечары адбудзецца прэзэнтацыя Вашай кнігі ў Мінску, і тым людзям, якія слухаюць нашу размову, якія ўвечары прыйдуць на прэзентацыю, можа, Вы хацелі б нешта сказаць”.
Сурвілла: “Хацела б сказаць толькі, што ўсіх іх страшэнна люблю. Гэтую любоў я адчуваю ўвесь час да ўсяго нашага народу. Хачу, каб яны гэта адчувалі. Я пісала гэтыя ўспаміны з любоўю, пісала гэта для нашых суродзічаў у Беларусі. Хацела падзяліцца ня толькі маім жыццём, бо, безумоўна, таксама хочацца расказаць і пра добрыя ўспаміны і пра тое, што перажыла... Але асабліва пра жыццё эмігранткі, чалавека, які пражыў жыццё за мяжой, думаў увесь час пра Беларусь. І я думаю, што гэта прадстаўляе ня толькі маё жыццё, прадстаўляе жыццё ўсіх эмігрантаў, якія з’ехалі з Беларусі не таму, што хацелі з’ехаць, а таму што жыццё змусіла іх з’ехаць Усё жыццё думалі, марылі пра Беларусь, жадалі вярнуцца, рабілі ўсё, што маглі, каб было магчыма вярнуцца.
А гэтым разам будзе прэзентацыя гэтай кніжкі, а мяне ня будзе. Фізычна мяне там ня будзе, але думкамі я буду з усімі”.
Паводле “Радыё Свабода”
|