Палац у Свяцку могуць прадаць за 16 даляраў?

Ужо трэці год палац у Свяцку, што пад Горадняй, імкліва разбураецца: адвальваецца тынкоўка, расцярушваюцца сцены... Палац мае агромністую архітэктурную каштоўнасць. Яго збудаваў у 1779 годзе італьянскі архітэктар Джузэпе Сака. Усё – каміны, жырандолі, вазоны для кветак, мэбля – рабілася па ягоным эксклюзіўным праекце. Палац быў аздоблены багатай ляпнінай.

У 1930-х гадах тут была створаная адзіная на той час у Польшчы наркалагічная лякарня. Мясцовыя жыхары і зараз памятаюць тутэйшых пацыентаў, якіх называлі “шляхта” – бо тыя прагульваліся па палацавым парку ў імпазантных капелюшах і строях.

Да 2005 года тут месцілася сухотная лякарня. Але як толькі медычная ўстанова пакінула палац, ён пачаў разбурацца. Грошай на рэстаўрацыю няма.

Таму палац і сабраліся выставіць на аўкцыён. Першапачатковы кошт – 1,5 мільярда рублёў – напужаў пакупнікоў. Ім падалося, што за палац не ў найлепшым стане гэта зашмат. Таму зараз у Свяцк накіравалася адмысловая дзяржаўная камісія, якая мусіць яшчэ раз ацаніць кошт палацу. Сябры камісіі самі зазначаюць, што калі тэрмінова не пачаць аднаўленне гэтага помніка архітэктуры, яго можна папросту страціць.

Як выгоды палацу пакупнікам пералічаецца блізкасць Аўгустоўскага каналу, водаправод, кацельная, аўтамабільная траса побач. Ідэальнае месца для стварэння гатэлю!..

Зараз мінскія адмыслоўцы працуюць над ацэнкай. Іх мэта – найперш выставіць прымальны кошт, каб палац нарэшце нехта набыў – гэта значыцца, уратаваў.

Паводле прэзідэнцкага ўказу, які дзейнічае ад 2007 года, у мэтах прыцягнення да гаспадаркі будынкаў, якія не выкарыстоўваюцца, іх дазваляецца прадаваць за мінімальны кошт у 1 базавую велічыню – зараз гэта 35 тысяч рублёў, ці 16 даляраў. Да прыкладу, цяпер у краіне за такі кошт афіцыйна прадаецца 38 будынкаў. Напраўду, на аўкцыёнах гэты кошт звычайна падвышаецца ў тысячы разоў.

Адмыслоўцы кажуць, што для палацу ў Свяцку продаж за 1 базавую велічыню – гэта крайні крок. Алё ён магчымы.

Паводле “Польскага радыё для замежжа”

‹‹ на галоўную | у архіў