Вязні канцлагера „Азарычы” зарэгістравалі сваю арганізацыю
Міністэрства юстыцыі зарэгістравала Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне былых вязняў фашысцкага канцлагера „Азарычы”, паведамляе БелаПАН.
Аб’яднанне створана з мэтаю пашырэння грамадскай увагі да былых вязняў лагера, паляпшэння побытавых і сацыяльных умоваў іх жыцця, а таксама супрацьдзеяння праявам нацызму, неанацызму, экстрэмізму і расавай непрыязні.
Канцлагер „Азарычы” быў адным з найбуйнейшых на тэрыторыі Беларусі. У ім немцы ўтрымлівалі больш за 50 тысяч беларусаў і жыхароў Смаленскай і Арлоўскай абласцей Расеі. Лагер смерці дзейнічаў крыху больш за тыдзень – з 10 па 19 сакавіка 1944 году. Але за гэты кароткі час у Азарычах было забіта каля 9 тысяч чалавек.
Паводле сайта Беларусь Live
|