Мастаку Рыгору Сітніцу не далі выставіць твор з нацыянальным сцягам
“Гаспода” – так называецца выстава графікі Рыгора Сітніцы, якая 12 сакавіка адчынілася ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Яна прымеркаваная да нядаўняга пяцідзесяцігоддзя мастака. Сам спадар Сітніца кажа, што прысвяціў сваю выставу не асабістаму юбілею, а агульнанацыянальнаму – 90-й гадавіне абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Але свята мастаку папсавала цэнзура. Яму паведамілі, што ён мусіць неадкладна зняць з экспазыцыі твор пад назовам “Рубон”, на якім пільныя супрацоўнікі ўбачылі крамолу ў выяве нацыянальнага сцяга. Рыгор Сітніца пагадзіўся замяніць “Рубон” іншым творам.
“Не зляціць у мяне карона, але і Рубон не аціхне на нашай зямлі. Рубон ёсьць, Рубон будзе, Рубон ратуе Беларусь”.
У экспазыцыі “Гаспода” – больш за пяцьдзесят твораў апошніх гадоў. Гэта зробленыя пераважна алоўкам выявы помнікаў нацыянальнай архітэктуры, фрагменты вясковых сядзібаў, побытавыя прадметы. Рыгор Сітніца любіць вымалёўваць дэталі, надае загадкавасці простым рэчам. Пад рукой мастака яны апынаюцца ў ідэальнай пазачасавай прасторы, набываюць містычнасць і годнасць. Мастацтвазнаўца Яўген Шунейка лічыць гэты бок таленту Рыгора Сітніцы найбольш адметным.
“Мастак такім чынам сцвердзіў сваю сур’ёзную творчую пазіцыю, можна лічыць, што гэта – адзін з лідэраў нашай сталай графікі. Ён выдатна валодае і афортам, і літаграфіяй, і я думаю, што і алейны і акварэльны жывапіс яму па плячы. Гэтыя тэмы ў яго творчасці будуць пашырацца, з’явяцца новыя ракурсы нашых культурных каштоўнасцяў. Яму ёсць што сказаць”.
А сказаць Рыгор Сітніца хоча найперш пра сваю любоў да радзімы, якой і прысвяціў выставу.
“Усё, што я раблю, я прысвячаю сваёй Бацькаўшчыне і тым, хто яе любіць”.
Амаль адначасова з гэтай мінскай выставай у Страсбуры адчынілася выстава сяброў творчае суполкі “Пагоня”, у экспазыцыі якой – і творы Рыгора Сітніцы. Такое супадзенне вельмі цешыць мастака.
“Беларусы павінны быць паўсюль. Мы павінны сцвярджаць сябе на ўсёй зямлі як культурная еўрапейская дасканалая нацыя”.
Паводле “Радыё Свабода”
|