У сядзібе БНФ адбыўся канцэрт класічнай музыкі, прымеркаваны да 90-годдзя абвяшчэння БНР

У межах кампаніі па святкаванні 90-годдзя БНР у сядзібе Партыі БНФ адбыўся святочны канцэрт класічнай беларускай музыкі у выкананні “Мінск-стар квартэту”. У праграме прагучалі творы беларускіх і сусветных кампазітараў XVI-XX стст.

Вядучай вечару была сябра камісіі па культуры Партыі БНФ, музыка гурта "Рэха" Арына Лісецкая. У сваім выступе яна зазначыла недахоп увагі беларусаў да класічнай музыкі: “Ідзеш па Празе, па Варшаве, табе на кожным кроку суюць флаеры з запрашэннямі на розныя канцэрты класічнай музыкі. А ў нас канцэрт класічнай музыкі – рэдкасць. І для большасці яны нецікавыя”.

Канцэрт працягваўся прыкладна гадзіну. Музыканты выканалі найвядомейшыя творы А. Радзівіла, Ц. Базыліка, У. Кур’яна, В.-А. Моцарта, А. Рагачэўскага, Р.Пэка, А. П’яцолы. Закончыўся канцэрт выкананнем “Паланэзу” Міхала-Клеафаса Агінскага. “Мэта сённяшняй імпрэзы – паказаць, што беларуская класічная музыка – неаддзельная частка еўрапейскай культуры, – адзначыла арганізатар канцэрту Арына Лісецкая. – І месца нашай культуры, месца нашага народа – у сям’і эўрапейскіх дзяржаваў”.

Канцэрт класічнай музыкі адбыўся з ініцыятывы Партыі БНФ у рамках мерапрыемстваў па адзначэнні юбілею абвяшчэння незалежнасці БНР.

Паводле сайта партыі БНФ

‹‹ на галоўную | у архіў