Белавежская пушча адзначыць 600-годдзе
Белавежская пушча рыхтуецца адзначыць свае 600-годдзе. Гэтая юбілейная падзея адбудзецца ўжо ў наступным годзе, паведамляе Польскае радыё. А пакуль на дзяржаўным узроўні зацверджаны план падрыхтоўкі да будучага святкавання. У адпаведнасці з ім на тэрыторыі Белавежскай пушчы плануецца пабудаваць адміністрацыўна-экалагічны цэнтр з музеям прыроды, добраўпарадкаваць цэнтральную сядзібу, узвесці аб’ект хуткага харчавання, рэканструяваць і перапрафіляваць былы музей прыроды ў рэстарацыю, рэканструяваць гатэль паблізу Нацыянальнага парку, добраўпарадкаваць аб’екты ў прадмесці Святога Міколы, у тым ліку і свідравіну для насыпкі снегу. Акрамя ўсяго гэтага маецца намер распрацаваць і добраўпарадкаваць чатыры экалагічныя маршруты, правесці капітальны рамонт дэманстрацыйных вальераў, пабудаваць вежу для агляду мясцовасці, капітальна адрамантаваць некаторыя лакальныя дарогі. Але і гэта яшчэ далёка ня ўсё. У пушчы збіраюцца рассяляць дзікіх жывёлаў. Нарэшце, сярод мерапрыемстваў да 600-годдзя пушчы значацца таксама міжнародныя канферэнцыі з удзелам прадстаўнікоў UNESCO. Акрамя таго, плануецца выданне некалькіх альбомаў і буклетаў пра Белавежскую пушчу, а Нацыянальны банк Беларусі рыхтуе выпуск памятнай манеты.
Паводле “Польскага радыё для замежжа”
|