Горадня – другая сталіца БНР
Так называецца серыя паштовак, якую падрыхтавалі гарадзенскія краязнаўцы, гісторыкі і сябры руху “За свабоду”: Андрэй Вашкевіч, Андрэй Чарнякевіч, Павал Мажэйка й іншыя.
Выданне прысвячаецца 90-годдзю Беларускай Народнае Рэспублікі. Наш карэспандэнт пытаўся ў гарадзенцаў, ці пазнаюць яны мясьціны, якія зафіксаваны на фотаздымках, што ведаюць пра БНР.
Паштоўкі зробленыя са старых здымкаў 1918 году, знойдзеных у архівах. Якраз у той час урад Беларускай Народнай Рэспублікі вымушаны быў перабрацца з Менску ў Гародню.
Са слоў аднаго з гісторыкаў, Андрэя Чарнікевіча, знайсці тую ілюстрацыю аказалася лягчэй, чым яны думалі, праўда, шмат чаго не захавалася.
Чарнякевіч: “Зніклі некаторыя будынкі, якія былі па вуліцы сучаснай Савецкай, да прыкладу, былы гатэль, дзе знаходзілася сядзіба ТБШ. Тут зараз месціцца банк у стылі канструктывізму. Зніклі некаторыя пабудовы, дзе зараз абласны тэатар, там мясціўся па сутнасці цэнтар беларускага руху на працягу 1920-х гадоў”.
У пэрспектыве, як заўважыў гісторык, у Горадні можна адкрыць музей БНР пад адкрытым небам, паколькі захавалася шмат будынкаў, дзе мясціўся ўрад БНР, вайскоўцы і іншыя беларускія арганізацыі.
І вось цяпер я паказваю паштоўкі гарадзенцам.
Дзяўчына: “Гэты дом вось тут побач, я, праўда, ня ведаю, як ён называецца”.
Другая дзяўчына: “Гэта корпус нашага аграрнага ўніверстэта, мы тут вучымся”.
Карэспандэнт: “А ведаеце, што тут было напачатку ХХ стагоддзя?”
Дзяўчына: “Апошні прытулак беларускай школкі ў Горадні ў 1927 годзе па сучасным адрасе вул. Валковіча 21”.
Карэспандэнт: “Ці ведаеце вы што такое БНР?”
Спадар: “Не, ня ведаю”.
Ягоная дзяўчына: “Беларуская Народная Рэспубліка”.
Карэспандэнт: “А калі адзначаецца гэты дзень?”
Дзяўчына: “Сакавік, 25-га”.
Адзін спадар пазнаў большасць мясцінаў і нават удакладняў, што змянілася зараз на будынках.
Спадар: “Вось гэта былая музычная вучэльня, а тут цяпер месціцца гараж, дзвярэй гэтых ужо няма, зламалі напэўна. Гэта мастацкая школа, дачка туды зараз ходзіць. А гэта ж наш тэатар лялек, толькі відаць цяпер трохі перароблены”.
Большасць гарадзенцаў не змаглі пазнаць мясцінаў змешчаных на фотаздымках, але пра тое, што Горадня была другой сталіцай БНР ведалі большасць апытаных.
Паводле “Радыё Свабода”
|