Магілёўцы адзначаць угодкі БНР

У межах святкавання 90-годдзя БНР у Магілёве плануецца правядзенне шэрагу мерапрыемстваў.

Старшыня аргкамітэту па святкаванні 90-годдзя БНР у Магілёве Віталь Макаранка прапаноўвае ўсім магілёўцам далучыцца да мерапрыемстваў, якія будуць ладзіць дэмакратычныя сілы горада.

«Мы ўжо падалі заяўку на правядзенне мітынга і шэсця на 23 сакавіка, — гаворыць сп. Віталь, — акрамя гэтага мы будзем праводзіць спартовы турнір па міні футболу сярод аматарскіх камандаў горада і шырока распаўсюджваць літаратуру пра Беларускую Народную Рэспубліку. Вечарам 25 сакавіка будзе арганізавана вечарына з бардаўскім канцэртам для моладзі. Акрамя гэтага будзе праводзіцца яшчэ некалькі мерапрыемстваў, пра якія я пакуль не хачу распаўсюджвацца».

«Усе, хто жадае масава адзначыць гэтае свята, — працягвае Віталь, — могуць паехаць у Мінск і прыняць удзел у мітынгу, а тыя хто не хочуць ехаць куды-небудзь і далучацца да нашага фармату мерапрыемстваў хай ладзяць свае. У любым выпадку ў гэты дзень нельга быць абыякавым да гэтай падзеі».

Са словаў Віталя Макаранкі, Дзень Волі — гэта свята адраджэння Дзяржавы, і таму ён прапаноўвае ў гэты дзень праявіць як мага больш вынаходлівасці і ініцыятывы ў святкаваньні гэтага свята.

Нагадаем, што ў мінулым годзе на Дзень Волі прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі ўскладалі бел-чырвона-белыя кветкі да будынка цяперашняга магілёўскага абласнога краязнаўчага музею горада. У далёкім 1918 годзе ў гэтым доме праходзіў гарадскі сход, у якім прымала ўдзел каля 400 дэлегатаў і якія амаль аднагалосна прызналі і падтрымалі ўрад БНР.

Паводле “Нашай Нівы”

‹‹ на галоўную | у архіў