А. Марачкін створыць галерэю славутасцяў гістарычнай Літвы

Да 1000-годдзя першай узгадкі ў нямецкіх хроніках “месца Літва” кіраўнік творчай суполкі “Пагоня” Аляксей Марачкін стварае жывапісную галерэю.

На задуму мастака, гэта будуць тры дзесяткі партрэтаў каралёў ВКЛ, вялікіх князёў і грамадскіх дзеячаў, якія былі народжаныя на ліцвінскіх землях і маюць у цяперашнім разуменні беларускае паходжанне. Разам з тым, аўтар не выключае: да 2009 году, калі і будзе адзначацца юбілейная дата, галерэя можа істотна пашырыцца коштам выбітных сучаснікаў, якія і сёння працягваюць справу славутых продкаў.

Як расказвае Аляксей Марачкін, ідэя нарадзілася летась па восені, калі літоўскія калегі запрасілі на мастацкі пленэр у знакамітыя Трокі. Імпрэза ладзілася пад агульнай назвай “Мастакі – Вялікаму Княству Літоўскаму” і была прымеркаваная да 1000-годдзя летапіснай Літвы. І хоць разыходжанне ў трактаванні гістарычнай праўды, што да статусу ВКЛ, у сучасных Беларусі і Літве досыць істотнае, але, у адрозненні ад Беларусі, суседзі актыўна рыхтуюцца да свята і ў 2009 годзе будуць шырока адзначаць гэтую значную для ўсёй Еўропы гадавіну. Расказвае Аляксей Марачкін:

“Гэта дата ідзе ад той нямецкай хронікі, дзе ўпершыню ў 1009 годзе згадваецца мясціна з назовам ці то Літва, ці то Літва, ці блізкая да гэтага ў сугучнасці. Я лічу, што гэта таксама і нашая дата, хоць 1000-годдзе Беларусі мы святкавалі ў 1980 годзе: хай гэта было не шырока, але першая згадка пра Княства Тураўскае прыпадае на 980 год. Але так адбылося, што я пачаў маляваць Багуслава Радзівіла, і на сёння ў мяне ўжо больш за 30 эскізаў-картонаў, якія я буду пераводзіць на палатно. І маляваць мяркую якраз дзеячаў найперш ВКЛ, паступова сягаючы да нашага часу”.

У актыве спадара Марачкіна ўжо ёсць асобы выбітных беларусаў: Ефрасіння Полацкая, Францішак Скарына, Рагнеда, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі і г.д. Тыя творы вызначаліся сваёй маштабнасцю. Цяперашнія працы будуць “сціплыя”, усяго каля мэтра, і складуць завершаную тэматычную галерэю. Але, як зазначае аўтар, “зачапіўшыся” за вялікія постаці, ён хоча паказаць і тых, хто сёння ня дужа на слыху:

“Гэта асобы, якіх я не маляваў, але яны пакінулі яскравы след у нашай гісторыі. Тут мне, дарэчы, істотна дапамагае кніжка і дапамагаюць тыя даследаванні, якія праводзіў Уладзімер Арлоў. Ягоная “Краіна Беларусь”— лічу, унікальная энцыклапедыя нашай гісторыі. Прыкладам, такая асоба як Саламея Русецкая – дакторка, унікальная жанчына, звязаная і з Еўропай, і з Турэччынай і г.д. Канечне, гэта каралі Вялікага Княства. Напрыклад, мяне вельмі цікавіць асоба Стэфана Баторыя. Гэта адметная асоба, воін, які вызваліў Полацак ад Івана Жахлівага. Канечне, натхняе вобраз Канстанціна Астрожскага. У мяне ўжо цэлы шэраг такіх картонаў. Вазьму хоць бы любы з дзесяткаў... Вось Альгерд. Яго я хачу паказаць фрагментарна, на кані. Таксама легендарная асоба”.

Мастак кажа, што ягоныя сябры і калегі ўжо натхняюць “сягаць” трохі бліжэй да сучаснасці, паказваючы месца ў гісторыі іншых знакамітых беларусаў. Спадар Марачкін да парады прыслухаўся і нават дадаў сваёй галерэі, сярод іншага, жаночы каларыт:

“Практычна паўсюль ідуць выбітныя мужчыны, але ж патрэбныя вобразы нашых жанчын. Вось я ўжо назваў Саламею Русецкую. Дарэчы, фактычна першая кананізаваная святая ў Еўропе – Ефрасіння Полацкая, якая трывала ўвайшла ў наша духоўнае жыццё. Бліжэй сюды – Эмілія Плятэр, у мяне ўжо ёсць з ёй картон. Яшчэ бліжэй у часе – Цётка. Яшчэ бліжэй, ужо наша сучасніца – Ларыса Геніюш і Наталля Арсеннева. Ну і, канечне, Палута Бадунова. Я калі прачытаў пра яе – які трагічны лёс і якая магутная змагарка! Мяркую, што ёй я буду заканчваць. Хоць хто яго ведае, як усё пойдзе далей, бо калі ўжо зачапіў бліжэй да нашага часу, то тут цэлая повязь асобаў, якія змагаліся за самастойную, незалежную, суверэнную краіну”.

Карэспандэнт: “То бок, ня выключана, што галерэя разрасцецца куды больш, чым за тры дзесяткі партрэтаў?”

“Я думаю, што так, калі хопіць здароўя. Таму што я ўжо аднаго Багуслава Радзівіла зрабіў чатыры варыянты. Самы першы варыянт знаходзіцца на выставе ў Варшаве. Вельмі хочацца спраўдзіць ужо штосьці канчаткова. Але што значыць канчаткова? Будуць новыя мастакі, якія будуць па-новаму вырашаць гэтую гістарычную тэму. Але зноў скажу: хочацца якраз да 1000-годдзя летапіснай Літвы, а фактычна і летапіснай Беларусі (хоць яшчэ раз паўтару, што летапіснай Беларусі куды больш гадоў) рэалізаваць такі праект. І галоўнае, што ёсць магчымасці нешта такое зрабіць”.

Карэспандэнт: “Непасрэдна ў 2009 годзе чакаюцца мерапрыемствы з нагоды юбілею?”

“У нас створаны аргкамітэт, я туды таксама ўваходжу. Такі ідэйны кіраўнік аргкамітэту – Мікола Купава, бо ў яго таксама шмат твораў, прысвечаных нашай гісторыі. І, натуральна, мы ўжо плануем і выставу, і публікацыі на гэтую тэму. То бок, маем намеры рэалізаваць тое, што звязана з нашай гісторыяй і менавіта з 1009 годам”.

Паводле “Радыё Свабода”

‹‹ на галоўную | у архіў