Улады знайшлі паўмільёна долараў для аднаўлення Косаўскага палаца

Косаўскі палац, помнік архітэктуры XIX стагоддзя, які месціцца ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці, будзе адноўлены.

На гэтыя мэты з рэспубліканскага і абласнога бюджэту для правядзення рэстаўрацыйных працаў выдаткавана амаль паўмільёна долараў, паведамляе БЕЛТА.

Нагадаем, палац графаў Пуслоўскіх пачаў будавацца ў 1838 годзе каля Мерачоўшчыны, маёнтка легендарнага Тадэвуша Касцюшкі. Класічнае па стылі збудаванне было дапоўненае крэпаснымі вежамі і невялікімі вежамі ў духу гатычнай даўніны.

У палацы налічвалася больш за 60 памяшканняў і кожнае з іх мела свае асаблівасці. На жаль, усе каштоўнасці палаца Пуслоўскіх, а таксама унікальны сад, які налічваў каля 150 відаў раслін, з часам аказаліся страчанымі. Падчас нямецкай акупацыі савецкімі партызанамі быў разрабаваны і спалены сам палац, пра што цяпер не прынята згадваць.

Мяркуецца, што рэстаўрацыя Косаўскага палаца будзе завершаная ў 2009 годзе. Пасля пачнецца наступны этап яго аднаўлення - ўнутраныя працы, фармаванне экспазіцый, аднаўленне парку.

Паводле газеты “Пагоня”

‹‹ на галоўную | у архіў