Серыя паштовак “Горадня – другая сталіца БНР”

Так называецца серыя з 13 паштовак, якую да выдання падрыхтавалі гарадзенскія краязнаўцы, гісторыкі і сябры руху “За свабоду”. Гэтае выданне прысвячаецца 90-м угодкам Беларускае Народнае Рэспублікі.

Паштоўкі зробленыя з старых здымкаў 1918 года, знойдзеныя ў архівах. Якраз у той час урад Беларускае Народнае Рэспублікі вымушаны быў перабрацца з Мінска ў Горадню.

Са слоў аднаго з гісторыкаў, Андрэя Чарнікевіча, знайсці такія паштоўкі аказалася лягчэй, чым яны думалі. У перспектыве, як заўважыў гісторык, у Горадні можна адкрыць музей БНР пад адкрытым небам, паколькі захаваліся шмат будынкаў, дзе мясціліся ўрад БНР, вайскоўцы і іншыя беларускія арганізацыі.

Праўда, са слоў Чарнікевіча, шмат матэрыяльнай культуры, у прыватнасці помнікаў архітэктуры, якія памятаюць часы БНР, у Горадні ня стала.

Плануецца, што паштоўкі пабачаць свет у Горадні 25 сакавіка, у дзень 90-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Такая серыя паштовак з’явіцца ў Беларусі ўпершыню.

Паводле “Радыё Свабоды”

‹‹ на галоўную | у архіў