Новыя крымінальныя справы ў Беларусі
Папярэдняе расследаванне крымінальнай справы “Аб масавых беспарадках 10 студзеня 2008 года” завершана. Справа будзе накіраваная ў суд. А ўсе падазраваныя цяпер з’яўляюцца абвінавачанымі. Пра гэта сёння ўдзельнікам прадпрымальніцкай акцыі паведамілі ў следчым ўпраўленні папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама.
Абвінавачванне выстаўлена 14 чалавекам – М.Пашкевічу, А.Бондару, А.Барадзенку, П.Вінаградаву, В.Сяргееву, А.Дубскаму, А.Стральцову, А.Чарнышову, А.Кіму, А.Койпішу, М.Крываву, М.Субачу, Т.Цішкевіч, а таксама непаўнагадоваму М.Дашуку.
У пастанове, якую атрымаў кожны з абвінавачаных гаворыцца, што 10 студзеня 2008 году яны прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, не падпарадкоўваліся законным патрабаванням супрацоўнікаў улады і справакавалі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, установаў і арганізацый. Сваімі дзеяннямі яны заклікалі прысутных на Кастрычніцкай плошчы прайсці да Адміністрацыі прэзідэнта.
Цяпер кожны з абвінавачаных будзе знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, папярэдняе расследаванне па якой завершанае. Пасля гэтага справа будзе перададзена ў Мінскі гарадскі суд. Паводле артыкула крымінальнага кодэкса ўдзельнікам акцыі пагражае да 3 гадоў турмы.
З усіх затрыманых узялі падпіску аб нявыездзе. Андрэй Кім знаходзіцца пад вартай да суда.
Паводле “Беларускага радыё Рацыя”
|