Заходнія дыпламаты напішуць беларускую дыктоўку, а расійскі - не

Магчыма, што ў агульнанацыянальнай дыктоўцы, якая адбудзецца 23 сакавіка, возьмуць удзел некаторыя акрэдытаваныя ў Беларусі амбасадары.

Беларускай дэмакратычнай грамадскасцю актыўна абмяркоўваецца правядзенне агульнанацыянальнай дыктоўкі як дэманстрацыі падтрымкі беларускай мовы і беларускай школы. Аргкамітэт па правядзенні дыктоўкі неаднаразова заяўляў, што ў ёй возьмуць удзел некаторыя амбасадары. Менавіта якія – не ўдакладнялася. Таму “Рацыя” вырашыла даведацца гэта самастойна. Першым суразмоўцам стаў амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан: “Я бяру ўрокі мовы – ёсць выкладчыца, якая да мяне прыходзіць. Гэта асноўнае. Потым ёсць яшчэ практыка – я імкнуся, калі ёсць магчымасць, гаварыць з людзьмі. Гэта найлепш для вывучэння мовы”. Як змаглі пераканацца нашыя слухачы, спадар Эрыксан выдатна валодае беларускай мовай. А наконт удзелу ў агульнанацыянальнай дыктоўцы ён сказаў: “Я гатовы, канешне. Чаму не? Гэта будзе карысны ўрок для мяне”.

Удзел у дыктоўцы возьме і амбасадар Ізраіля Зееў Бен-Ар’е. Яго сакратарка паведаміла: “Спадар пасол ведае беларускую мову і будзе ўдзельнічаць у дыктоўцы”.

Невядома, ці будзе пісаць дыктоўку амерыканская амбасадарка Карэн Сцюарт, але наконт яе валодання беларускай мовай прэс-аташэ амбасады ЗША Аляксандр Круглякоў сказаў: “Беларускую мову яна, канешне, стараецца вучыць і ў многіх сваіх выступах выкарыстоўвае яе. Гэта добрая традыцыя, якая захоўвалася і папярэднім амбасадарам, і цяпер спадарыня Сцюарт стараецца выступаць на беларускай мове”.

З тымі ж пытаннямі “Рацыя” звярнулася і да амбасадара Балгарыі Петкі Ганчава: “Я ўпершыню чую пра гэтую ідэю дыктоўкі. І гэта вельмі цікава. Я даведаюся пра ўсе ўмовы, неабходныя дзеля ўдзелу, і, калі там усё нармальна, няма ніякіх праблем - я з задавальненнем выступлю на беларускай мове. Мне прыемна чытаць па-беларуску, хаця я не магу свабодна выказвацца на беларускай мове”.

Як ні дзіўна, але прадстаўніка бліжэйшай краіны-суседкі і паплечніцы па Саюзнай дзяржаве – амбасадара Расіі Аляксандра Сурыкава не давядзецца пабачыць сярод удзельнікаў агульнанацыянальнай дыктоўкі. Прэс-аташэ амбасады Расійскай Федэрацыі Аляксандр Фралоў сказаў на гэты конт наступнае: “Наколькі мне вядома, амбасадар не ведае беларускай мовы і таму, відаць, не возьме ўдзелу”.

Аргкамітэт па правядзенні агульнанацыянальнай дыктоўкі ў сваім звароце да грамадскасці падкрэсліў, што ўдзел у агульнай дэманстрацыі любові і пашаны да мовы будзе спрыяць яе абароне, сталенню і падвышэнню статуса ў грамадстве. Валоданне беларускай мовай амбасадарамі з’яўляецца яшчэ дэманстрацыяй павагі да краіны, у якой яны выконваюць сваю дыпламатычную місію, і да нацыянальных пачуццяў грамадзянаў гэтай краіны.

Наталля Якавенка.

Паводле беларускага “Радыё Рацыя”

‹‹ на галоўную | у архіў