Генпракуратура пяройдзе на беларускую мову?

Генеральная пракуратура падтрымала зварот старшыні ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны” Алега Трусава аб афармленні афіцыйных канвертаў гэтай дзяржстуктуры на беларускай мове. Пра гэта трумачыцца ў лісце ад генпракурора Г. Васілевіча, якое паступіла ў сядзібу ТБМ.

У інтэрв’ю БелаПАН А.Трусаў выказаў падзяку Г. Васілевічу за паразуменне моўнай праблемы ў дзяржаве, якая дэкларавала парытэт дзвюх дзяржаўных моў – беларускай і рускай. “Але пасля 1996 года першаснай стала мова суседняй дзяржавы, а беларуская мова з дзяржаўнай пераўтварылася ў сродак стасункаў невялікай часткі насельніцтва, не прадстаўляючае дзяржаўны апарат. У сувязі з сітуацыяй, якая ўзнікла, ТБМ праводзіць палітыку па дасягненні парытэту беларускай і рускай моваў на бланках і ў тэкстах дзяржаўнай дакументацыі”, – адзначыў А. Трусаў. У якасці станоўчай рэакцыі чыноўнікаў на такую палітыку старшыня ТБМ нагадаў рашэнне Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў і Мінскага гарвыканкама аб падрыхтоўцы шматлікіх узораў сваёй дакументацыі на мове тытульнай нацыі. “Акрамя таго, Кастытуцыйны суд і Нацыянальны банк таксама выдаюць сваю афіцыйную дакументацыю на беларускай мове”, – сказаў А. Трусаў.

Сярод структураў, якія “ніяк не рэагуюць” на зварот ТБМ, ён назваў Міністэрства юстыцыі і РУП “Мінск Крышталь” па выпуску лікёра-гарэлачных вырабаў. Па словах А. Трусава, чыноўнікі гэтых структур не разумеюць, што няма дробязяў у такой важнай справе, як пашырэнне сферы ўплыву роднай мовы.

Паводле Хартыя-97

‹‹ на галоўную | у архіў