Казулін кажа пра магчымасць перамоваў з Лукашэнкам
Перад вяртаннем у Віцебскую калонію Аляксандар Казулін наладзіў прэсавую канферэнцыю, на якой звярнуўся з заклікамі да Аляксандра Лукашэнкі і ягонай каманды.
На пачатку прэс-канферэнцыі Аляксандар Казулін заклікаў абвясціць 2008 год годам БНР і правесці кангрэс дэмакратычных сілаў, на які запрасіць усю раду БНР на чале з Івонкай Сурвіллай. Пад дэмакратычнымі сіламі Аляксандар Казулін разумее шырокія слаі грамадства: “Гэта ня толькі тыя, хто называе сябе апазіцыяй ці дэмакратамі. Гэта інтэлігенцыя, пісьменнікі, моладзь, прадпрымальнікі – самая шырокая палітра”.
Палітык заклікаў на кангрэсе не “ўчыняць сварак і справаздач, а падумаць пра будучыню Беларусі”.
Прагучалі таксама заявы на адрас Аляксандра Лукашэнкі і ягонай каманды: “Я дарую Лукашэнку, мая сям’я даруе Лукашэнку ўсё тое, што было нам зроблена. Ня буду казаць пра падрабязнасці гэтага, усё і так відавочна”.
Перамены ў сабе Аляксандар Казулін патлумачыў перажытым за мінулыя два дні, калі ён хаваў сваю жонку Ірыну. Былы кандыдат ў прэзідэнты сказаў, што працягвае дзеючаму прэзідэнту руку і заклікае яго “узняцца над асабістым і давесці, што ён сапраўдны прэзідэнт, а ня проста чалавек”.
Дзеля чаго, паводле Аляксандра Казуліна, патрэбныя перамовы? Палітвязень мяркуе, што Беларусь апынулася “каля апошняй рысы” і патрабуецца тэрміновы перагляд унутранай палітыкі.
“У краіне пабудавана таталітарная дзяржава. У нас татальны гвалт над усім і ўсімі: над асобай, над свабодай выбару, магчымасцю любіць таго, каго хоча чалавек, над магчымасцю сябраваць з тым, з кім хоча чалавек, нават над свабодай думак”.
Свой заклік змяніцца Аляксандар Казулін адрасаваў ня толькі Аляксандру Лукашэнку, але і ягонай бліжэйшай камандзе і ўсім уладным колам. “Настаў час ісціны”, — кажа Аляксандар Казулін.
Журналісты спыталіся, ці будзе палітвязень працягваць у калёніі галадоўку, як папярэджваў два дні таму? Аляксандар Казулін сказаў, што адмаўляецца ад гэтых плянаў і будзе выконваць усе турэмныя парадкі. Паводле Аляксандра Казуліна, ён прыслухаўся да просьбаў соцень людзей з усіх раёнаў Беларусі.
“Людзі мяне прасілі: Аляксандар Уладзіслававіч! Вы толькі не абвяшчайце галадоўку, ваша жыццё нам патрэбна. Нягледзячы на ўсю маю прынцыповую пазыцыю, у ва мне прачнулася нешта іншае, іншая адказнасць перад людзьмі, і гэта прымушае мяне прыняць кардынальна іншае рашэнне і адмовіцца ад галадоўкі. Я ўручаю свой лёс у рукі Госпада Бога”.
Да 8-й гадзіны вечара Аляксандар Казулін мусіць вярнуцца ў віцебскую калонію. Пра перспэктыву свайго датэрміновага вызвалення палітык кажа: “Гэта, напэўна, не адбудзецца да 25 сакавіка”.
Аляксандар Казулін таксама паведаміў, што працягвае за кратамі слухаць “Радыё Свабода”. “Слухаю ваша радыё абавязкова і заўсёды. Праблема адна — яго глушаць, таму паслухаць удаецца не заўсёды”.
Паводле Аляксандра Казуліна, яму ўдаецца дзяліцца пачутай інфармацыяй з іншымі вязьнямі нават ва ўмовах штучна створанай вакол яго ізаляцыі.
Паводле “Радыё Свабода”
|