Масквічы хацелі перайменаваць мінскую вуліцу Каліноўскага

Храм Усіх святых, будаўніцтва якога было пачатае ў 2006 годзе на вуліцы Каліноўскага, верагодней за ўсё, «прапішуць» па іншым юрыдычным адрасе. Прычынай гэтаму, паводле звестак «Салідарнасці» – незадаволенасць маскоўскіх спонсараў будаўніцтва.

У 2005 годзе прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі зацвердзіў праект «Храм-помнік у гонар усіх святых і ў памяць бязвінна забітых у Айчыне нашай па вуліцы Каліноўскага ў г. Мінску». Восенню 2006 году на тую самую вуліцу для ўдзелу ў цырымоніі асвячэння званоў гэтага храму прыяжджаў Аляксандар Лукашэнка. А ў канцы 2007 году безназоўная вуліца, якія скрыжоўваецца з вуліцай Каліноўскага і злучае кальцавую дарогу з месцам будаўніцтва храму атрымала назву Ўсіхсвяцкая.

Паводле інфармацыі з неафіцыйных крыніц, гэта было зроблена для таго, каб не даваць храму юрыдычны адрас на вуліцы Каліноўскага.

— Пакуль лічыцца, што храм узводзіцца на вуліцы Каліноўскага. Але хутка гарадзкія ўлады будуць зацвярджаць ягоны юрыдычны адрас, і гэта, верагодней за ўсё, будзе вуліца Ўсіхсвяцкая, — сказалі «Салідарнасці» па тэлефоне храму «У гонар святой Троіцы», размешчанага ў некалькіх мэтрах ад будоўлі.

Пагаджаецца з гэтай прапановай і прадстаўнік генпадрадчыка — галоўны інжынер ЗАТ «Трэст «Прамбуд» Уладзімер Нікалайчык.

— Вуліцу назвалі Усіхсвяцкай спецыяльна «пад храм». Па сутнасці, апроч яго і станцыі тэхабслугоўвання на ёй нічога няма, — разважае ён.

Чаму ж усё-такі ўзнікла праблема з «прапіскай» на вуліцы Каліноўскага – Паводле звестак «Салідарнасці», прычынай гэтаму стала пазыцыя маскоўскіх фундатараў. Даведаўшыся, што храм знаходзіцца на вуліцы, названай у гонар чалавека, які ўзначальваў антырасійскае паўстанне, масквічы запатрабавалі… перайменаваць яе. Потым разглядаўся варыянт, каб вуліцу Каліноўскага «распалавініць» і перайменаваць толькі тую частку, дзе месціцца храм.

На шчасце, нічога падобнага ня сталася. Варыянт з Усіхсвяцкай, выглядае, задаволіў усіх, і туман, які ўжо згусціўся быў над прышласцю вуліцы Каліноўскага, рассеяўся.

Нагадаем, будаўніцтва храма-помніка пачалося ўлетку 2006 году і мусіць скончыцца ў снежні 2008 году. Самы вялікі звон вагою ў пяць тонаў быў адліты ад імя прэзідэнта Беларусі. Яшчэ два званы былі ўзнятыя на званіцу ад імя патрыярха маскоўскага і ўсяе Русі Алексія ІІ і мітрапаліта мінскага і слуцкага, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі Філарэта.

У часе цырымоніі асвячэння званоў было аб’яўлена, што храм Усіх святых, вышыня якога будзе дасягаць 72 метраў, узводзіцца пад патранажам Аляксандра Лукашэнкі і Алексія ІІ.

Інфармацыя паводле “Наша Ніва”

‹‹ на галоўную | у архіў