Вячаслаў Сіўчык: “Індывідуальныя прадпрымальнікі збіраюцца з’язджаць з Беларусі за мяжу.”
Беларускія індывідуальныя прадпрымальнікі спрабуюць перанесці свой бізнэс у суседнія краіны.
У інтэрв’ю Еўрарадыё праваабаронца і грамадскі дзеяч Вячаслаў Сіўчык кажа, што з’ехаць на чужыну, найперш у Расію і ва Украіну, могуць тысячы: “Хваля беларускіх прадпрымальнікаў, якая зараз паедзе з Беларусі, значна больш моцная, чым была раней. Мы можам страціць дзесяткі тысяч людзей… Яны элементарна могуць знайсці нішы ў іншых краінах СНД, частка можа ўладкавацца на Захадзе. Але ж для Беларусі гэта будзе мець кепскія наступствы”.
Частка індывідуальных прадпрымальнікаў спрабуе такім чынам пазбегчы катастрафічных для іх наступстваў прэзідэнцкага ўказа № 760. Кіраўнік грамадскага аб’яднання “Перспектыва” Анатоль Шумчанка лічыць, што беларускіх прадпрымальнікаў на чужыне ніхто не чакае і будуць там успрымаць як канкурэнтаў: “Масавасць наўрадці будзе, але тэндэнцыя да гэтага сёння ёсць. Гэта будуць адзінкавыя выпадкі. Я спадзяюся, што нашыя прадпрымальнікі не выбяруць такі шлях, а будуць змагацца ў сваёй краіне за свае правы, за магчымасць жыць і працаваць”.
Інфармацыя паводле Еўрапейскага радыё для Беларусі (www.belradio.fm)
|